Беларуская культура: музыка (люты – красавік 2023 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
Поп & рок. Паляванне на ведзьмаў і “змагарскі бабл”
Трэнды:
Поп & рок. Паляванне на ведзьмаў і “змагарскі бабл”
Трэнды:
1. Чорныя спісы абрастаюць новымі імёнамі. Пад санкцыямі — Іна Афанасьева і Лэдзі Ґаґа.
2. “Здраднікаў” выкрэсліваюць. Мінкульт транслюе афіцыйную пазіцыю дзяржавы і адкрыта заяўляе, што лаяльнасць даражэйшая за мастацкую вартасць. “Песня года” цудоўна адлюстроўвае гэтую тэндэнцыю.
3. Культурніцкі дэсант у замежжы. Беларусы гуртуюцца і пачынаюць сістэматызаваць гастрольную дзейнасць.
4. Новыя рэлізы. Ад энергічнага панк-року да дум-мэталу.
5. “Змагарскі бабл” як сімвал раз’яднанасці пакаленняў.
Афіцыйная культура: творчае самазабойства з патрыятычнай усмешкаю
Афіцыйная культура: творчае самазабойства з патрыятычнай усмешкаю
Беларускія “чорныя спісы” заўсёды існавалі вось так – у двукоссі, у напалову легальным і напалову міфічным выглядзе. Гэта факт, якога ніколі не прызнавалі публічна афіцыйныя прадстаўнікі ўладаў Беларусі: усе паперкі, якія траплялі ў медыяпрастору, нагадвалі самвыдатаўскі крэатыў і не выглядалі як нейкая афіцыйная паперчына.

Тое сама адбываецца і цяпер. У байнэце зноў з’явіўся нібыта дакумент з прозвішчамі непажаданых артыстаў. Спіс вельмі пярэсты: там ёсць і Шэр з Лэдзі Ґаґай, і Аляксей Хлястоў з Сашам Нэма – магчыма, гэта гістарычны момант і адзінкавы выпадак, калі ўвогуле гэтыя прозвішчы апынуліся на адным аркушы паперы. Дакладна невядома, ці сапраўды гэта дакумент, якім карыстаюцца ўлады, бо ён выклікае шмат пытанняў. Напрыклад, тут ёсць гурт N.R.M., але няма Лявона Вольскага. Ёсць Зміцер Калдун, але няма “Дай дарогу!”.

Калі гэта сапраўдны спіс, то яго складалі не вельмі дасведчаныя людзі, якія звычайна займаюцца зусім іншымі задачамі. Калі крэатыў невядомага аўтара, то, як мінімум, удалы, бо выклікаў маштабную дыскусію. Іншая рэч, што арыгінальнасць гэтай паперчыны насамрэч мае выключна другаснае значэнне: цяпер ужо ніхто не аспрэчвае і не замоўчвае фактаў ультрацэнзуры, а існаванне чорных спісаў можна нарэшце прыбіраць з двукосся і надаваць ім афіцыйны статус. У любым выпадку спіс з амаль 90 гуртоў і выканаўцамі выглядае вельмі павярхоўным: рэпрэсіўная машына ў Беларусі працуе такімі тэмпамі, што спіс мусіць налічваць сотні толькі беларускіх прозвішчаў, што ўжо казаць пра сусветных артыстаў.

У кожным разе да пэўнага моманту спісы непажаданых артыстаў прадугледжвалі пэўны дзяржаўны крэатыў. Публічна чыноўнікі іх ігнаравалі, таму музыкі цалкам траплялі ў залежнасць ад форс-мажораў: у клубе раптам прападала святло ці цёк дах. Цяпер ёсць афіцыйная фармулёўка Міністэрства культуры, якую агучыў Анатоль Маркевіч: “Здраднікам не месца на сцэне”. Што такое “здрада” ў разуменні чыноўніка і як гэтая фармулёўка выглядае на паперы, не ясна. Але відавочна, што гэта важная заява ды фактычная і канчатковая легітымізацыя існавання чорных спісаў, забароненых артыстаў і татальнага вынішчэння незалежнай сцэны.

Хто такі здраднік паводле ўлады? Гэта артыст, пазіцыя якога нейкім чынам не суадносіцца з генеральнаю лініяй партыі. Гэта ўжо нават не гурт, які выступіў на падтрыманне нязручнага кандыдата, і не спявак, які выйшаў на пратэсты. Праблемы могуць узнікнуць нават у самых траваедных артыстаў, калі яны не зусім адназначна выказалі сваіх думак. Як прыклад — хваля хэйту ў бок самага цяпер гастрольнага па Беларусі гурта “Дразды”: паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Віталь Карпанаў недастаткова лаяльны спявак, а яго допісы ў сацсетках — гэта прыхаваная крытыка ўладаў Беларусі. Часам гэта нагадвае сярэднявечнае паляванне на ведзьмаў, спаборніцтвы ў мастацкай дэманстрацыі лаяльнасці, акт творчага самагубства з патрыятычнымі ўсмешкамі на тварах.

Ідэальная дэманстрацыя творчага патэнцыялу афіцыйнай культуры – конкурс “Песня года”, які пасля працяглага перапынку ўзнавіўся ў Беларусі. Парад дасягненняў Мінкульту канчаткова пераўтварыўся ў конкурс патрыятычнай песні з нэймінгам кшталту “Что ты сделал для Родины?” ці “За нами правда”. Пры гэтым амаль галоўныя ўзнагароды атрымалі песні, тэксты да якіх напісала сваячка Лукашэнкі. Фактычна афіцыйная культура займаецца карпаратыўным абслугоўваннем, стварае ўтульны сусвет для абмежаванага кола прыналежных да ўлады асобаў.

Важная цытата ад Маркевіча: “Калі чалавек шчыра раскайваецца ў сваіх словах, допісах, лайках, гатовы працаваць на дзяржаву і публічна заявіць пра сваю грамадзянскую пазіцыю, яму даецца другі шанец. Калі словы аказваюцца хлуснёю, з такімі людзьмі мы развітваемся раз і назаўжды”. Пры гэтым афіцыйная культура не здольная канструяваць якасных наратываў, яе творчы ды фінансавы патэнцыял вельмі абмежаваны, а бадай адзіны знаёмы масаваму слухачу амбасадор уладаў Беларусі — рэпер Сярога. Афіцыйны культурніцкі менеджмент не прадугледжвае селекцыі ды фінансавання, гэта ультыматыўная форма кіравання: лаяльнасць альбо смерць.

Суд Ленінскага раёну Брэста прызнаў экстрэмісцкім кліп і тэкст песні гурта “Дай Дарогу!” пад назвай “Экстрэміст”. Гэта выкшталцоная дэманстрацыя парадаксальнага гумару судовай сістэмы Беларусі, якая імкнецца вывесці ў абсалют экстрэмісцкі наратыў. Са свежых прыкладаў: браты Каракіны з гурта Litesound атрымалі 2,5 года “хатняй хіміі”, прыкладна такія ж тэрміны прысудзілі іхным бацькам. І гэта вельмі мяккі вырак паводле сучаснай судовай сістэмы Беларусі.

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калачы цалкам адсядзелі прызначаны тэрмін і выйшлі на волю. Яны правялі за кратамі 1 год, 8 месяцаў і 9 дзён. З пазітыўных навінаў — спявачку Сашу Захарык вызвалілі ў зале суда. Паведамляюць, што ёй прызначылі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Такія навіны становяцца ці не сенсацыйнымі ў бязлітаснай штодзённай інфармацыйнай жалобе.

Пазітыў па-беларуску, глыток свежага паветра ў карцары.
Культурніцкі дэсант, студыйныя пошукі, спробы сістэматызацыі
Культурніцкі дэсант, студыйныя пошукі, спробы сістэматызацыі
Броўнаўскі рух незалежнай беларускай культуры ў падполлі ды выгнанні выклікае спарадычную цікаўнасць з боку слухача. Ён з удзячнасцю ідзе кожны раз на вядомыя і ўлюбёныя імёны, з ветліваю насцярожанасцю ўспрымае новых артыстаў і вельмі хутка выкрэслівае з памяці не дужа актыўных музыкаў. Прыклад — гастрольны тур Святланы Бень і Галі Чыкіс, які прайшоў у даволі камерным фармаце. Музычная афіша ў эміграцыі пульсуе вядомымі тайтламі і не дае слухачу магчымасці даведацца пра новыя імёны. Часткова гэтую адукацыйную мэту выконваюць беларускія тэматычныя тэлеграм-каналы і YouTube-праекты, але гэта слаба канвертуецца ў прададзеныя квіткі і сталы інтарэс з боку наведнікаў канцэртаў.

Спроба сістэматызаваць канцэртавае жыццё беларусаў у эміграцыі ды звярнуць на яго ўвагу – новы праект Аляксандра Багданава і ягонай каманды Belarus Outside Sound System. Аляксандр і раней адкрываў для беларусаў новую беларускую музыку, але цяпер перад ім задача з зорачкаю, бо цяпер культурніцкі актывізм існуе яшчэ і ва ўмовах вельмі абмежаванай аўдыторыі.

Яшчэ адзін важны пойнт з сучаснай рэчаіснасці: шмат якія артысты цяпер існуюць выключна ў студыйным фармаце, бо працуюць на адлегласці ці ўвогуле не маюць канцэртавага складу. Пры гэтым выходзіць багата цікавых рэлізаў ад беларускіх музыкаў. Пералічым некаторыя з іх.

Самы цікавы дэбют года запісаў гурт The Tranzistorz. Гэта олдскульны панк-рок, зміксаваны з сайкабілі і сёрфам, а нігілістычныя і хтанічныя тэксты дэканструююць ушчэнт звыклыя мінскія пейзажы. У гэтым запісе столькі першабытнай энергіі ды непасрэднасці, якой так бракуе, што хочацца ў гэты ж момант апынуцца на канцэрце гурта і пераламаць сабе ногі ў ашалелым слэме.

Варта адзначыць гродзенскі дум-мэтал гурт Woe Unto Me, які выдаў альбом на амерыканскім лэйбле M-Theory. Песні з “Along the Meandering Ordeals, Reshape the Pivot of Harmony” часам нагадваюць рознакаляровую (натуральна, колеры самыя змрочныя) мазаіку, але нейкім чынам яны не развальваюцца на дробныя кавалкі, а, наадварот, складаюцца ў манументальныя кампазіцыі: тут і манатонны, пануры пахавальны дум, і меладычныя ўстаўкі з чыстым вакалам, а месцамі Woe Unto Me можна нават пераблытаць з сучаснымі запісамі культавага Behemoth.

А яшчэ новую сольную праграму прэзентаваў Іван Кірчук. Гурт “Троіца” перастаў існаваць, але спадар Кірчук працягвае апрацоўваць свае бясконцыя архівы. “Варажбіт” — гэта 55 трэкаў: і апрацаваныя народныя спевы, і аўтарскія творы, і вершы, і нават гульні. Двухгадзінны рытуал, сеанс сувязі з продкамі, беларуская нацыянальная медытацыя для дасведчаных і неафітаў.
“Змагарскі бабл” як сімвал пераемнасці пакаленняў
“Змагарскі бабл” як сімвал пераемнасці пакаленняў
Гэты тэрмін выпадкова (ці невыпадкова) нарадзіўся падчас дыскусіі пра сучасную музычную журналістыку, і ён цудоўна апісвае парадыгму пераемнасці пакаленняў у беларускім культурніцкім асяроддзі. Гэтае словазлучэнне выкарыстаў стваральнік тэлеграм-каналу “Клік”, які піша пра сучасную беларускую поп-музыку, а датычыў ён творчасці Святланы Бень. Маўляў, Бенька жыве ў сваім “змагарскім бабле” і таму мае вельмі абмежаваную аўдыторыю.

Наратыў, некалі створаны беларускаю прапагандаю, мусіў маргіналізаваць пратэставую актыўнасць і зрабіць аўтсайдарамі яе амбасадораў. А цяпер выкарыстоўваецца новым пакаленнем культурніцкіх актывістаў. Выкарыстоўваецца ў дачыненні творцаў, якія некалі самі былі па-за гэтым штучным “баблам” і ніяк не асацыяваліся са “змагарствам”.

Падаецца, гэта цудоўна апісвае ўплыў беларускай дзяржаўнай прапаганды на маладую і нават прагрэсіўную аўдыторыю, і гэты ўплыў нельга недаацэньваць. Менавіта так адбываецца маргіналізацыя незалежнай беларускай культуры. І менавіта так сегментуецца на “баблы” каталагізацыя яе здабыткаў.

А яшчэ гэта шыкоўная ілюстрацыя адсутнасці сталай камунікацыі паміж пакаленнямі культурніцкіх актывістаў. А таксама сістэматызацыі наратываў і здабыткаў беларускай культуры. Кожную пяцігодку адбудоўваюцца новы кантэкст і новая сістэма каардынатаў. Кожны новы праект – інфармацыйная кропка адліку для неафітаў.
Высновы:
Высновы:
Легалізацыя чорных спісаў і публічныя заявы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў дэманструюць рашучасць сістэмы, але і нарэшце акрэсліваюць правілы гульні. Галоўнае з іх – лаяльнасць вышэйшая за мастацкую вартасць і прафесіяналізм.

Афіцыйная культура ідзе шляхам імклівай дэградацыі і праводзіць рэгулярную адмоўную селекцыю метадам палявання на ведзьмаў. Выжываюць самыя прыстасаваныя ці самыя блізкія да правадыроў асобы.

Ментальная адлегласць паміж пакаленнямі культурніцкіх актывістаў павялічваецца. Яе можна апісаць тэрмінам “змагарскі бабл”. Што з гэтым рабіць? Наладзіць камунікацыю і сталую дыскусію.