Беларуская культура: тэатр (люты – красавік 2023 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
Тэатр: рух у расійскую тэатральную прастору
Трэнды:
Тэатр: рух у расійскую тэатральную прастору
Трэнды:
1. Беларускі тэатр, што працуе ўнутры краіны, усё больш губляе сваю адметнасць і становіцца правінцыйным прыдаткам да расійскай прасторы.
2. Назіраюцца спробы перапісаць гісторыю і выкрасліць адтуль імёны нелаяльных уладзе творцаў.
3. Працягваецца русіфікацыя айчыннага тэатру. Пасля знікнення “Зніча” і праз палітыку Веры Паляковай у ЦЮГу ў краіне засталіся толькі чатыры калектывы, што працуюць выключна па-беларуску.
4. Беларускі тэатр у краіне сутыкаецца з кадравым голадам і ціскам дзяржавы, калектывы ў замежжы (за выключэннем Свабоднага) — з узаемазвязанымі праблемамі менеджменту і фінансавання.
Выкрэсліванне крамольных прозвішчаў і запрашэнне актораў у Купалаўскі з Расіі
Выкрэсліванне крамольных прозвішчаў і запрашэнне актораў у Купалаўскі з Расіі
Беларускі тэатр працягвае заставацца ў расійскай тэатральнай прасторы (як палітычнай, так і культурнай), а таму пераймае тэндэнцыі, уласцівыя гэтай краіне.

Пасля пачатку расійскай агрэсіі з сайтаў расійскіх тэатраў сталі знікаць прозвішчы харэографаў, рэжысёраў, драматургаў, якія не падтрымалі дзеянняў Крамля (напрыклад, моднага пісьменніка Барыса Акуніна, выбітнага харэографа Аляксея Ратманскага і г. д.). Беларусь пайшла па шляху Расіі. Напрыклад, з сайту мінскага Тэатру оперы і балету — дакладней, са старонак, прысвечаных пэўным спектаклям, – сталі выдаляць прозвішчы звольненых творцаў. Гаворка пра чатырох дырыжораў: Андрэя Галанава, Вячаслава Чарнуху-Воліча, Івана Касцяхіна і Алега Лесуна. Калі прэм’еры рыхтаваў хтосьці з гэтых творцаў, то астатнія чальцы пастановачнай каманды (рэжысёры, мастакі, хормайстры, харэографы) засталіся, а вось дырыжораў – няма. Назіраюцца спробы перапісаць тэатральную гісторыю і нават выкрасліць згадкі пра нелаяльных творцаў.

Сумна, што Чарнуха-Воліч зведаў рэпрэсіі не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне. У красавіку з ім разарваў кантракт Адэскі тэатр оперы і балету, у якім маэстра апошнія чатыры гады быў галоўным дырыжорам і разам з калектывам перажываў цяжкасці вайны. Нагодаю стаўся фотаздымак дырыжора з Юсіфам Эйвазавым – мужам расійскай прымадонны Ганны Нятрэбкі, якая пад санцыямі ў Кіеве. Яны сустрэліся ў Баку – беларус прыехаў туды правесці спектакль на запрашэнне тагачаснага кіраўніцтва, але за дзень да ягонага прыезду новым дырэктарам прызначылі Эйвазава. Фотаздымка хапіла, каб разарваць з беларусам кантракт. Хоць сам Эйвазаў асудзіў вайну.

Але вернемся да расійскага ўплыву ў дачыненні нашай краіны. Дзякуючы суседняй краіне беларуская дзяржава нарэшце развязала адну з кадравых праблемаў, якая муляла вока ўжо некалькі гадоў: сфармавала трупу дзяржаўнага Купалаўскага тэатру. Пытанне вырашылі элегантна: новых актораў пераважна запрасілі з Расіі. Праўда, беларускую мову яны пачалі вучыць, калі ўжо перабраліся ў Мінск. Зрэшты, сярод нашых суайчыннікаў, якіх узялі ў тэатр, знайшліся тыя, хто ніколі не працаваў па-беларуску на сцэне або ведае яе са слоўнікам. Між тым, гаворка пра нацыянальны калектыў, найстарэйшы ў краіне.

Натуральна, вывучэнне нашай мовы нават замежнікамі магчымае. У Купалаўскім у савецкі час таксама працавалі акторы з Расіі. Але ў іх быў стымул вучыць мову, для іх тэатр быў домам. А набраным цяпер расійскім студэнтам вучыцца няма ў каго. Таму для іх Купалаўскі – гэта месца транзіту: адпрацаваць і вярнуцца дадому.

Уплыў Расіі назіраецца і ў іншым. У красавіку стала вядома, што два беларускія тэатры – мінскі Горкаўскі і гродзенскі Тэатр лялек — атрымаюць фінансавую дапамогу Расіі. Кожны з калектываў (сярод іншых з постсавецкай прасторы) атрымае 5 мільёнаў расійскіх рублёў (больш за 120 тысяч долараў ЗША) на абсталяванне, а таксама 5 мільёнаў на пастаноўкі. Гэта значная дапамога ва ўмовах, калі беларуская дзяржава надзвычай слаба фінансуе культуру. Але існуюць дзве акалічнасці. Этычная: дапамога ідзе ад краіны-агрэсара. І культурніцкая: грошы, хутчэй за ўсё, будуць вылучацца на пастаноўкі расійскі творцаў.

Часам для такой рэпертуарнай палітыкі нават не трэба атрымліваць дадатковага фінансавання. У студзені ў Гомельскім моладзевым тэатры змяніўся дырэктар – не працягнулі кантракту Алене Маставенцы. Хутка сталі назірацца рэзкія змены ў рэпертуары: у сакавіку ў тэатры паказалі прэм'еру паводле п'есы Мікалая Някрасава “Осеньская скука”. Пастаноўку назвалі “Как убить один вечер” і ажыццявілі яе пры падтрыманні Расійскага дому ў Гомлі. А вось раней у гэтым тэатры ставілі спектаклі паводле п’есаў знанага ірландскага драматурга Марціна МакДоны і ягонага калегі з Нямеччыны Марыюса фон Маенбурґа.
Госці з Расіі і русіфікацыя ад Паляковай
Госці з Расіі і русіфікацыя ад Паляковай
На гэтым расійскі ўплыў не заканчваецца. Але ў плане прыезду замежнікаў альтэрнатывы яму амаль няма: з Заходняй Еўропы да нас прыязджаюць адзінкі. Адно з выключэнняў — пастановачная група на чале з італьянцам Альда Тарабэлля, што ўлетку 2023-га паставіць у Оперным чарговую версію “Сэвільскага цырульніка”. Але астатнія абмінаюць тэатр нашай краіны бокам.

Таму менавіта з тэрыторыі нашых усходніх суседзяў у асноўным прыязджаюць як выканаўцы, гэтак і замежныя калектывы. У сакавіку ў Магілёве прайшоў фестываль “M.@rt.Кантакт”. Дзяржаўныя СМІ анансавалі, што форум вяртаецца ў поўнамаштабным фармаце. Сапраўды, у мінулым фестываль ледзь не ператварыўся ў агляд беларускіх калектываў, але летась ізноў вярнуўся да звыклай міжнароднай праграмы. Сёлета яго геаграфія пашырылася ўдвая ў параўнанні з 2022 годам. Тады ў праграме былі рэпрэзентаваныя Беларусь і Расія, цяпер да іх далучыліся Балгарыя з Казахстанам. Але ў рэальнасці ў Магілёве паказалі дзве казахскія пастаноўкі і адну балгарскую. Надвор’я яны не зрабілі: ільвіную долю ў праграме зноў займалі Беларусь (9 спектакляў) і Расія (6), дый пераможцаў выбіралі сярод гэтых краінаў.

Перамаглі, дарэчы, “Пачупкі” Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі. Гэта этапная праца рэжысёра Яўгена Карняга, якая ўвасабляе цяперашнюю эпоху і наш час. Але прэм’ера адбылася яшчэ ў пачатку 2022-га, і з таго часу спектаклю аналагічнага ўзроўню ў Беларусі не з'явілася. Гэта чарговы раз даказвае, што пры цяперашняй сітуацыі ў краіне шэдэўры ці нават паспяховыя спектаклі з’яўляюцца хутчэй насуперак, чымся дзякуючы абставінам.

Зрэшты, магілёўскі форум усё ж дазволіў паказаць асобныя цікавыя пастаноўкі з замежжа. У параўнанні з ім надзвычай традыцыйна выглядае заяўлены фестываль “Перамога”, зарганізаваны дзяржаўным Купалаўскім (красавік–травень 2023-га). У яго праграме — традыцыйныя паводле рэжысуры спектаклі пра Другую сусветную, заяўленая мэта — “патрыятычнае выхаванне грамадзянаў”, што адсоўвае ўласна мастацтва на другі план.

Ідэю запрашаць гасцей з Масквы падхопліваюць і іншыя калектывы. Рэпутацыя візітантаў пры гэтым не мае значэнне. У сакавіку 2023-га ў сталічным Музычным тэатры паставілі спектакль “Гульня любові”. Рэжысёрам выступіў Марат Башараў. Ён падтрымаў расійскую агрэсію ў дачыненні Украіны. А дасюль быў знаны як чалавек, які ў розны час збіваў дзвюх жонак. Сталічны Оперны запрасіў на адзін з канцэртаў “спецыяльнага госця” з Расіі — ім стаўся музыка Сяргей Ралдугін. Ён мае рэпутацыю гаманца расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які дапамагае яму адмываць грошы.

Свабодна пачуваць сябе расіяне і на сцэне Тэатру юнага гледача: амаль усе апошнія прэм’еры ставілі выключна масквічы. Гэта акалічнасць — нагода падрабязней пагаварыць пра ЦЮГ. Апошнім часам ён часта выступае на фестывалях, што тлумачыцца ўплывам яго дырэктаркі Веры Паляковай. Напрыклад, “M.@rt.Кантакт” адкрываўся спектаклем “Карэніна” ейнага прыватнага праекту “ТрыТэФармат”, які фактычна інтэгруецца ў сістэму ЦЮГу. У праграме быў заяўлены і “Фігара”, пастаўлены беспасярэдне гэтым калектывам.

Дырэктаркаю Палякова сталася год таму, у красавіку 2022-га. Яшчэ да яе прызначэння ў ЦЮГу паставілі спектакль “Время выбрало их” на матывы серыі кніг “Піянеры-героі”. Але ўсе астатнія спектаклі тэатру дасюль паказваліся па-беларуску. Перад сваім з’яўленнем Палякова анансавала ў інтэрв’ю скарачэнне ўжывання беларускай мовы.

“У нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы. Упірацца толькі ў беларускую мову гэта губляць частку гледачоў, гасцей гораду. Бо да нас прыязджаюць госці, тыя ж расіяне, якія, на жаль, не ведаюць беларускай мовы. Чаму мы губляем гэтага гледача? У нас ёсць Купалаўскі, які працуе толькі на беларускай мове. Тэатр рэспубліканскай драматургіі (РТБД), які працуе толькі на беларускай мове. <…>. Мы гэтым самым збядняем. Я мяркую, спектаклі павінны быць на дзвюх мовах: і на беларускай, і на расійскай. Тады ў тэатру ёсць камерцыйная гісторыя. <…> Дзяржава заўсёды працягне нам руку дапамогі, але мы не павінны сядзець на гэтай прышчэпцы. Мы павінны навучыцца самі зарабляць грошы. Мне здаецца, мы самі ад гэтага будзем ганарыцца, што зможам самі зарабляць грошы”, — заявіла Палякова.

Словы не разышліся з дзеяннем. Прэм'ера наступнай пастаноўкі, “Кэнтэрвільскі прывід”, ажыццёўленай пасля прызначэння новага дырэктара, яшчэ прайшла па-беларуску, але афіша ўжо была расійскамоўнаю. Пасля спектаклі ставіліся спрэс па-расійску: “Альпы. Сорок первый”, створаны на матывы аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”; “Женя + Таня = любовь” (паводле “Яўгена Анегіна” Пушкіна), “Фигаро”, “Пиковая дама”, а таксама пастаноўка для дзяцей “Ёжик в тумане” і навагодні спектакль “Новогоднее представление “Однажды в Сладкограде”. За выключэннем апошняга ўсе іх паставілі рэжысёры з Масквы.

Колькасць беларускамоўных калектываў зменшылася не толькі за кошт ЦЮГу. У верасні 2022 года ўлады прыпынілі працу Чырвонага касцёлу — менавіта ён з канца 1990-х стаўся пляцоўкаю для Беларускага паэтычнага тэатру аднаго актора “Зніч”: там была абсталяваная спецыяльная зала. З таго часу спектакляў больш не праводзілі. Пасля памёр Вячаслаў Шакаліда — адзіны актор, які быў у штаце тэатру. А ў лютым 2023-га на пенсію адправілі дырэктарку і мастацкую кіраўніцу “Зніча” Галіну Дзягілеву. Звальненне не было палітычным: сёлета Дзягілевай споўніліся 76 гадоў. Але ў штаце не засталося ніводнага актора, пасады дырэктара і мастацкага кіраўніка вакантныя. На афіцыйнай старонцы тэатру з таго часу няма ніякай інфармацыі.

Агулам у Беларусі дзеюць 29 прафесійных тэатраў. З іх выключна на беларускай мове да пачатку сезону 2022/2023 працавалі ўсяго шасцёра. Цяпер, калі “Зніч” спыніў працу (цалкам магчыма, што назаўсёды), а ЦЮГ русіфікуецца на вачах, іх засталося толькі чатыры: Купалаўскі, РТБД, Коласаўскі і Беларускі тэатр “Лялька” (апошнія два — у Віцебску).
Кадравы голад
Кадравы голад
Тым часам у Беларусі трываюць нябачныя старонняму воку рэпрэсіі ды звальненні з тэатраў (часам вымушаныя, часам добраахвотныя). Напрыклад, з мінскага Тэатру лялек фактычна прымусілі звольніцца Святлану Цімохіну — зорку трупы, якая ззяла і ў звышкасавых “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі”, і “Нататках юнага доктара”, і ў незалежных праектах Ok16. “Вядзьмарак” няма ў афішы на найбліжэйшыя месяцы. Цалкам верагодна, гэтага спектаклю больш паказваць не будуць. У гомельскім Моладзевым больш не працуе Галіна Анчышкіна — ёй таксама давялося сысці.

Часам маштаб звальненняў і сыходаў відаць толькі з дыстанцыі. Як адзначыў у інтэрв’ю дырыжор Іван Касцяхін, Нацыянальны оперны тэатр страціў траціну балетнай трупы. Дадамо, што ў выніку звыклаю справаю сталіся бясконцыя ўводы новых выканаўцаў. Такім чынам зніжаецца агульны ўзровень трупы і парушаюцца традыцыі. Цяпер у рэпертуары пераважаюць балеты, пастаўленыя яшчэ ў 1970–1980-ыя гады харэографам Валянцінам Елізар’евым, які апошнім часам ажыццяўляе іх новыя рэдакцыі. Але перадаваць спектаклі “з ног у ногі” ад тых, хто ў іх танчыў, да навічкоў не заўжды ўдаецца. У выніку агульны ўзровень яшчэ больш зніжаецца.

Кадравыя праблемы праяўляюцца і праз відавочны “рэжысёрскі голад” у драматычным тэатры. Спіс патэнцыйных пастаноўнікаў значна парадзеў за апошні час. Адныя з’ехалі, другія ставіць не могуць, бо ў чорных спісах, іншыя — прынцыпова не хочуць. Нястача кадраў прывяла да пошуку нават у аматарскіх калектывах. Напрыклад, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі паказаў у красавік прэм'еру спектаклю“Вось я і прыйшла!” — камедыю парадоксаў на матывы твораў Данііла Хармса. Як мінімум з сярэдзіны нулявых мінскія прафесійныя тэатры не звярталіся да гэтага творцы. Дый цяпер яго адмыслова пераклала для пастаноўкі Марыя Пушкіна.

У якасці рэжысёра РТБД запрасіў Аляксандра Бародку – выпускніка сталічнай Акадэміі мастацтваў, які працуе ў Салігорску (прафесійнага тэатру гэты буйны — для Беларусі — горад, на жаль, не мае). Ягоны дэбют аказаўся цалкам паспяховым і прыстойным, спектакль выглядае прафесійна зробленым. Іншая рэч, што ўбачаная прэм’ера дазваляе акрэсліць іншыя праблемы.

Звальненні ў РТБД, што адбываюцца пасля 2020-га, крыху размылі сталы касцяк трупы, у ёй сталі з’яўляцца навічкі. Паказ “Вось я і прыйшла!” засведчыў, што ў жаночым ансамблі найбольш упэўнена глядзяцца Людміла Сідаркевіч і Вераніка Буслаева — даўнія зоркі трупы, іхныя маладыя калегі толькі імкнуцца да такога ўзроўню. З гэтай нагоды можна нагадаць пра агульны, даўні крызіс у беларускай тэатральнай адукацыі: нядаўнія выпускнікі часта не могуць ствараць годнай канкурэнцыі (нават з улікам непазбежнай адсутнасці досведу). А таксама адзначыць пэўны дысбаланс ва ўзроўні трупы, з якім надалей будуць сутыкацца запрошаныя ў РТБД рэжысёры.
Менеджмент, фінансаванне і нястача прэм’ераў і паказаў
Менеджмент, фінансаванне і нястача прэм’ераў і паказаў
Беларускае тэатральнае замежжа сутыкаецца з іншымі цяжкасцямі. Найперш з узаемазвязанымі праблемамі менеджменту і фінансавання. Гэта прыводзіць да мінімальнай колькасць прэм’ераў. Напрыклад, сёлета, у 2023-м, новых спектакляў пакуль не выпусціў ніводны з беларускіх замежных калектываў (Свабодны, “Купалаўцы”, Team theatre і Тэатр жніўня, што існуе ў структуры Віленскага старога).

Зрэшты, прэм’еры ўсё ж былі, толькі на іншых пляцоўках.

Напрыклад, музыка і рэжысёр Паліна Дабравольская паставіла ў лютым у авангардным тэатры Komuna Warszawa спектакль “Я выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе служыць мне замест мяча”. У тым жа месяцы актрыса Наталля Лявонава выпусціла разам з дзецьмі віленскай тэатральнай студыі пастаноўку “Сны аб Беларусі”, у якой былі занятыя некалькі прафесійных актораў.

У сакавіку рэжысёр Уладзімір Ушакоў паставіў у Хельсінкі спектакль “Боршч”, а рэжысёр Юра Дзівакоў выпусціў у Польшчы пастаноўку “рЭвалюцыя Зайца" (гэта частка праекту мастачкі Тані Дзіваковай, у які ўлучаныя выстава, майстар-клас і ўласна спектакль).
Апошнімі днямі красавіка беларускі тэатр “Крылы Халопа” і шведскі ADAS-тэатр паказаў у Ётэбoргу супольны праект – “Мама Зоя, Беларусь”, а Юра Дзівакоў выпусціў у варшаўскім тэатры Powszechny спектакль “Дрэнная кроў” (у ім бяруць удзел і беларускія акторы).

Агульная праблема, уласцівая добрай частцы з гэтых спектакляў, — у невялікай колькасці паказаў. “Купалаўцы” з пачатку года выступалі офлайн толькі тройчы. У Любліне падчас спектаклю “Дзяды” (у сакавіку) на яго адразу ж раскупілі квіткі, значыцца, попыт на яго ды іншую прадукцыю калектыву ёсць. Team theatre двойчы паказаў у красавіку пастаноўку “How are you?” і аднойчы — “Верасовы мёд”. Згаданыя вышэй спектаклі Дабравольскай, Лявонавай і Ушакова пакуль паказалі ад аднаго да трох разоў. Гэта натуральна для іх праектнага статусу, але незалежнай тэатральнай прадукцыі бракуе, таму хочацца бачыць іх часцей.

Выключэнняў некалькі. У выйгрышным становішчы – Тэатр жніўня: пастаноўкі “Трэцяя змена” і “Спектакль, які не адбыўся” паказваюцца некалькі разоў за месяц. Праект Тані і Юры Дзіваковых ужо паспелі прэзентаваць у польскіх Сопаце, Вроцлаве і Беластоку, у чэрвені запланаваныя паказы ў Варшаве.

Свабодны тэатр робіць стаўку на гастролі: увесну яго спектакль “Сабакі Еўропы” пасля Лондану і Парыжу з поспехам паказалі на Адэлаідскім міжнародным фестывалі, адным з найбуйнейшых у паўднёвым паўшар'і. Гэтая вандроўка — вялікі арганізацыйны і менеджарскі поспех кіраўніка калектыву Мікалая Халезіна. Дарэчы, з Аўстраліі калектыў рушыў на паказы ў Берлін. Такі рэзананс дазволіў калектыву ўпэўнена глядзець у будучыню і анансаваць восеньскую прэм’еру оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”, што адбудзецца ў Лондане.

З замежных гастроляў адзначым і паездкі ў Францыю праекту “1.8”, які яшчэ ў 2021-м паставілі ў варшаўскім Новым тэатры Варлікоўскага з удзелам беларускіх актораў Паўла Гарадніцкага, Паліны Дабравольскай, Ігара Шугалеева і Алега Гарбуза. Летась яго гастролі прайшлі ў Празе, сёлета — у Францыі, на восень запланавалі новую вандроўку ў апошнюю краіну.
Высновы
Высновы
Айчынны тэатр працягвае сутыкацца з ціскам з боку ўладаў, які ўсё мацнее. Татальная русіфікацыя, масавыя звальненні, аднабаковая арыентацыя на ўсходняга суседа прыводзяць да таго, што ў гэтай сферы ён становіцца прыдаткам Расіі. Але арыентацыя не на найлепшыя традыцыі, назапашаныя за гады адноснай даваеннай “вольніцы” і пэўнай аўтаноміі расійскага тэатру ад сваёй улады. Вымушаная інтэграцыя адбываецца ў правінцыйным ключы.

У замежжы беларускі тэатр сутыкаецца з наступствамі таго, што большасць яго прадстаўнікоў раней ігнаравалі апошнія культурніцкія працэсы і тэндэнцыі (як у мастацкім, так і менеджарскім плане). Цяпер жа яны вымушаныя экспрэс-метадам авалодваць тым, што ёсць неад’емнаю часткай еўрапейскай культурніцкай палітыкі. Ад паспяховасці гэтага працэсу і будуць залежыць іх перспектывы найбліжэйшым часам у эміграцыі, а ў глабальнай будучыні (пры вяртанні) – у магчымасці перабудовы ўнутрыбеларускай тэатральнай кухні і яе пераходу на новыя рэйкі.