Беларуская культура: тэатр (верасень – кастрычнік 2022 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
Беларускі тэатр: “цёмны час”
Асноўныя трэнды сезону:
Беларускі тэатр: “цёмны час”
Асноўныя трэнды сезону:
  • Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры вядзе да звужэння беларускай тэатральнай прасторы, выціскання з сістэмы кіраўнікоў са сваім меркаваннем.
  • Амаль поўнае знішчэнне беларускай тэатральнай крытыкі прывяло да немагчымасці публічнай экспертнай ацэнкі спектакляў і стварэння нават мінімальнай сістэмы іерархіі, адбудаванай на мастацкіх прынцыпах, якая існавала да 2020-га.
  • Працягваецца цэнзурнае ўмяшальніцтва ў спектаклі, рашэнні аб прыёме на працу ў тэатры прымаюцца на ўзроўні Міністэрства культуры, што яшчэ больш замацоўвае ўдзел дзяржавы ў тэатральнай сферы.
  • Асобныя беларускія творцы працягваюць паспяховую інтэграцыю ў сістэму заходнееўрапейскіх тэатраў. Перавагу тут маюць тыя, хто здабыў досвед працы за мяжой або дзеіць у фармаце пэўных структураў. Адсутнасць досведу пры спробах самастойнага плавання пакуль выклікае цяжкасці.
Дыскаўнтэр замест культавай пляцоўкі
Дыскаўнтэр замест культавай пляцоўкі
У новым тэатральным сезоне беларуская тэатральная прастора працягвае звужацца – як у простым, гэтак і ў пераносным сэнсе.

Цягам другой паловы дзясятых адною з культавых пляцовак быў Ok16: там праходзілі паказы, што ладзіла арганізацыя “Арт Карпарэйшн” (арганізатар фестывалю “Тэарт”), а таксама паказваўся прадакшн самога Ok16. Пасля ліквідацыі абодвух ініцыятываў там пэўны час месцілася прыватная балетная школа. Цяпер жа ўсё стала “на свае месцы”: на гэтай пляцоўцы з'явіцца расійская сетка дыскаўнтэраў. Больш як сімвалічная падзея, здольная сведчыць пра стаўленне гарадскіх уладаў да тэатру і культуры.

Акрамя таго, беларусы ледзь не страцілі адзін з дзяржаўных калектываў. Як стала вядома, акторам Мінскага абласнога тэатру лялек “Батлейка”, што працуе ў Маладзечне, паведамілі на сходзе, што з 1 студзеня 2023-га яны стануцца філіялам мясцовага драмтэатру. Прычыны аб’яднання ўцямна ніхто патлумачыць не мог. Мяркуем, падставаю сталася жаданне заашчадзіць грошы ды адрапартаваць пра аптымізацыю.

Логікі ў такім рашэнні не мелася аніякай. Спецыфіка тэатраў драмы і лялек цалкам розная. З тым жа поспехам можна было б аб’ядноўваць футбольны і хакейныя клубы аднаго гораду: і там, і там гуляюць спартоўцы. Калі ж сур’ёзна, то на практыцы такое аб’яднанне прывяло б да наступнага: акторы драмы працягвалі выступаць на стацыянарнай сцэне, а на “Батлейку” павесілі б выязныя выступленні ў школах, што прывяло б да рэзкага падзення яе ўзроўню, а магчыма, і ліквідацыі.

На шчасце, ад такой ідэі нечакана адмовіліся. Перашкодзіў юрыдычны аспект: паводле заканадаўства, будучы філіял павінен быць у іншай мясцовасці. Гэта і ўратавала "Батлейку". Праўда, няма ўпэўненасці, што аналагічныя планы не з’явяцца ў дачыненні іншых рэгіянальных калектываў. Хоць колькасць дзяржаўных тэатраў не перавышае трох дзясяткаў – мізэрны лік для 10-мільённай краіны.

Між тым з гэтых калектываў працягваюць сыходзіць прафесіяналы. Гэтак, дырэктарам сталічнага Тэатру лялек перастаў быць Яўген Клімакоў, які быў на сваёй пасадзе аж з 1985 года. Разам з Аляксеем Ляляўскім ён уяўляў сабой у беларускіх рэаліях амаль ідэальны тандэм дырэктара і галоўнага рэжысёра. Менавіта Клімакоў быў маторам арганізацыі ды правядзення Беларускага міжнароднага фестывалю тэатру лялек, які ладзіўся ў Мінску з дзевяностых гадоў (цяпер пастаўлены на паўзу). Афіцыйна гэты спецыяліст сышоў па ўласным жаданні, але пра самастойнасць такога рашэння можна толькі здагадвацца.

Дарэчы, Клімакоў быў адным з выпускнікоў знакамітага курсу дырэктараў, што выпусціў Тэатральна-мастацкі інстытут (цяперашняя Акадэмія мастацтваў) яшчэ за савецкім часам – тады гэтая падзея была відавочна прагрэсіўнаю з’яваю.

Цяпер такіх курсаў не выпускаюць, у тэатры на кіроўныя пасады часта прыходзяць выпадковыя людзі. На момант напісання тэксту пераемнік Клімакова не прызначаны.
Цэнзура і амаль прыгоннае права
Цэнзура і амаль прыгоннае права
Новы сезон пачаўся з новых прэтэнзіяў да спектакляў. Гэтым разам ахвяраю чыноўнікаў сталася класічная аперэта Імрэ Кальмана “Герцагіня з Чыкага”. Пасля вераснёўскай здачы спектаклю, на якой прысутнічалі чыноўнікі з упраўлення культуры Мінскага гарвыканкаму, Музычны тэатр паведаміў, што прэм'ера адмяняецца “праз тэхнічныя прычыны”.

Здавалася б, “Герцагіня з Чыкага” ўяўляе сабою палітычную сатыру як на амерыканскія, так і на еўрапейскія рэаліі 1920-х гадоў. Але, відаць, у іх знайшлі паралелі з сённяшнім днём. Паводле работнікаў тэатру, чыноўнікам не спадабаліся жарты пра пачатак вайны з Японіяй, героі гомасексуальнай арыентацыі, а таксама тое, што Амерыка ў цэлым паказаная ў аперэце ў пазітыўным ключы.

Як прызналася кіраўніцтва тэатру, ім давялося пазбавіцца некаторых персанажаў, выкінуць асобныя мізансцэны, праз што спектакль скараціўся амаль на 20 хвілінаў. “Цяпер сюжэт не будзе выклікаць падвоеных асацыяцыяў”, – адзначыў мастацкі кіраўнік тэатру Адам Мурзіч. Пасля гэтага чыноўнікі нарэшце дазволілі паказ “Герцагіні”.

Натуральна, гэта была не адзіная прэм’ера сёлетняй восені: у іншых тэатрах адбываліся свае паказы. Але праз гады пры спробе прааналізаваць іх будучыя даследнікі сутыкнуцца з велізарнымі праблемамі і, бадай, выкарыстаюць для іх характарыстыкі азначэнне “цёмны час”. Адна з яго праяваў наступная. У выніку звальненняў экспертаў, закрыцця сайтаў – пляцовак для публікацыяў, спынення дзейнасці фестываляў і ўрэшце эміграцыі шэрагу культурніцкіх дзеячаў публічная экспертная ацэнка спектакляў амаль цалкам знікла.

Раней яе праявамі былі нешматлікія рэцэнзіі, водгукі ў сацыяльных сетках, сам факт адбору на беларускую праграму “Тэарт” або “M@rt.кантакт”. Але апошні фестываль змяніў кіраўніцтва – і страціў сваю рэпутацыю. “Тэарт” закрылі. Колькасць рэцэнзіяў і водгукаў рэзка зменшылася. Айчынная тэатральная крытыка амаль цалкам знішчаная.

Яе рэшткі засталіся, але з тэкстаў, якія часам публікуюцца ў дзяржаўных медыях, амаль цалкам зніклі адмоўныя ацэнкі. У лепшым выпадку пра сапраўдны стан рэчаў можна даведацца з абзаца ў сярэдзіне тэксту ці нават некалькіх сказаў, надзейна схаваных у аўтарскіх разважаннях. Там скорагаворкаю пералічаныя ключавыя недахопы, якія ставяць пад сумнеў усе пералічаныя вартасці. У горшым выпадку няма і гэтага.

Таму без беспасярэдняга прагляду (трансляцыі прэм’ераў праз сэрвіс Voka ладзіць адно Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, запісы асобных спектакляў паказваюцца на канале “Беларусь 5”) скласці нават прыблізнае ўражанне пра пастаноўку немагчыма. Станоўчая ацэнка ў публічнай прасторы ўсіх без перабольшвання спектакляў робіць немагчымым стварэнне нават мінімальнай сістэмы якаснай іерархіі, што грунтуецца менавіта на мастацкіх прынцыпах (існавала да 2020-га).

“Цёмным часам” гэтыя гады назавуць і праз шэраг іншых прычынаў. Гаворка ў тым ліку пра закуліснае развязванне пытанняў і панаванне “тэлефоннага права”. Чыноўнікі ўзялі пад свой поўны кантроль кадравую палітыку: цяпер у дзяржаўныя тэатры прымаюць не толькі на падставе характарыстыкі з мінулага месца працы. Паводле нашай інфармацыі, патрабуецца сумоўе з “шэрым кардыналам” беларускага Мінкульту Ірынаю Дрыгаю. Нязгода з ейнага боку можа паставіць крыж на далейшае працаўладкаванне, а практыка такіх рашэнняў нагадвае “найлепшыя” традыцыі прыгоннага тэатру.
Еўропа чакае: La Scala, Варшава, Берлін
Еўропа чакае: La Scala, Варшава, Берлін
Айчынны тэатр працягваў развівацца і па-за межамі Беларусі. Найбольш гучная сенсацыя здарылася ў Італіі: беларус Віталь Алексіёнак стаўся дырыжорам-пастаноўшчыкам оперы “Маленькі прынц”, сусветная прэм’ера якой адбылася ў славутым міланскім тэатры La Scala.

Айчынныя спевакі і раней выступалі на найлепшых сцэнах свету, хоць іхная колькасць заўжды была невялікая. Напрыклад, у нью-ёркскай Metropolitan Opera ў розныя гады спявалі ўсяго чатыры беларусы: салісткі піцерскага Марыінскага тэатру Кацярына Семянчук і Ірына Гардзей, зорка мінскага Опернага Аксана Волкава, а таксама саліст Гамбургскай оперы Аляксандр Раславец. Таму кожнае такое запрашэнне – падзея. Цікавасць калектыву такога ўзроўню да беларускага дырыжора назіралася ўпершыню. Дарэчы, пасля міланскай прэм’еры Алексіёнак перайшоў на працу ў дусэльдорфскі тэатр “Нямецкая опера на Рэйне”. Гэта адкрывае перад ім новыя перспектывы.

Рэжысёр Юра Дзівакоў, вядомы дагэтуль пераважна ў Беларусі, працягвае заваёўваць аўтарытэт у Польшчы. У рэпертуары варшаўскага тэатру Powszechny замацаваўся ягоны спектакль “Насця”. Першапачаткова з’явіўся эскіз паводле навэлы расійскага пісьменніка Уладзіміра Сарокіна. Паказы адбыліся ў снежні 2021-га, пасля чаго дырэкцыя мусіла пастанавіць, ці варта пакідаць “Насцю” ў рэпертуары. У выніку ж у красавіку 2022-га адбылася паўнавартасная прэм’ера. Спектакль часта трапляе ў афішу. Ужо прадаюцца квіткі на студзень 2023 года. У пастаноўцы занятыя акторы з Польшчы, Украіны і Беларусі (з нашых суайчыннікаў – Кацярына Ермаловіч, Дар’я Новік, Вольга Калакольцава і Мікалай Стонька).

З мінулых паспяховых праектаў згадаем прэм’еру спектаклю/тэхнарэйв-вечарынкі “P for Pischevsky”. Яна таксама адбылася ў красавіку 2022-га, але не ў Варшаве, а ў Берліне, на пляцоўцы HAU2 Hebbel am Ufer. Пазней, у кастрычніку, з’явілася 15-хвіліннае відэа, прысвечанае працы над гэтым праектам.

“P for Pischevsky” – супольны праект HUNCHtheatre Belarus (Мінск) і CHEAP (Берлін). Ён заснаваны на гісторыі Міхаіла Пішчэўскага, на якога напалі пасля гей-вечарынкі ў беларускай сталіцы ў 2014-м, а таксама на судовай справе над ягоным забойцам. Рэжысёрам выступіў беларус Уладзімір Шчэрбань. Сярод актораў былі прадстаўнікі чатырох краінаў – ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Беларусі. Апошнюю рэпрэзентавалі дыджэй і актор Глеб Кавальскі, а таксама музыка і спявачка Руся (Марына Шукюрава).
Тэатр па-за краінаю: новая вайна, былыя рэпрэсіі
Тэатр па-за краінаю: новая вайна, былыя рэпрэсіі
Айчынныя трупы ў замежжы выпусцілі некалькі новых пастановак.

Свабодны тэатр паказаў у верасні ў Варшаве дакументальны спектакль “Паслядзяцінства”. Гэта 8 гісторыяў маладзёнаў, якія пераехалі ў Польшчу з бацькамі, хаваючыся ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі і/або ад вайны ва Украіне. Герояў, у якіх адабралі дом і ў нейкай ступені дзяцінства, сыгралі самі падлеткі. “Яны самі пісалі тэксты, самі малявалі афішу, самі ігралі. Мая задача як рэжысёра была проста іх аб'яднаць, накіраваць так, каб не пакрыўдзіць дарослых і бацькоў. На мой густ, гэта тургенеўскія “Бацькі і дзеці” – толькі ў рэальнасці. Гэта размова старэйшага пакалення з маладым”, – расказаў рэжысёр Павел Гарадніцкі.

Тэатр жніўня – частка гарадзенскіх актораў, якія аб’ядналіся вакол рэжысёра Андруса Даралы пад дахам Віленскага старога тэатру – выпусціў у верасні дакументальную пастаноўку “Спектакль, які не адбыўся”. У яго аснове – дакументальныя сведчанні пра жыццё ў акупаваным Расіяй Марыупалі, якія на сваёй старонцы ў Facebook штодзённа пакідала мясцовая журналістка Надзея Сухарукава.

Дзеянне пастаноўкі пачынаецца ў склепе тэатру, працягваецца ў яго калідорах і толькі потым выходзіць уласна на сцэну. Будынак даўно патрабуе капітальнага рамонту, але гэта міжволі спрацавала на агульную задуму: у старых сценах адбылося поўнае пагружэнне ў матэрыял: гледачы – наколькі тое магчыма – сапраўды адчувалі сябе ў Марыупалі. Дзякуючы “падарожжу” па калідорах з іх крутымі паваротамі ўзнікала адчуванне бамбасховішча. А яшчэ лабірынту, з якога трэба выбрацца.

Актрысы (сярод іх беларускі Натэла Бялугіна і Наталля Лявонава) перадавалі гледачоў – іх было ўсяго каля 20, больш фізічна немагчыма – адна адной па ланцужку, спыняліся на пэўных пляцоўках, расказвалі чарговае сведчанне агрэсіі, а побач на сценах можна было прачытаць асобныя цытаты з допісаў, якія пісалі марыупальцы. Напрыклад: “Мне ў склепе з мёртвымі было камфортней, чым з жывымі”. Або: “Цішэй, ідзе рэпетыцыя”. У Марыупалі падчас першага бамбавання выжылі тыя, хто быў у склепе. Тыя, хто быў на сцэне, загінулі.
Адзін з ранейшых праектаў Тэатру жніўня – “За што?” – быў прысвечаны “ночы расстраляных паэтаў” (расстрэлу ў 1937-м больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты). На гэтай жа тэме – дакладней, агулам на паэзіі ў эпоху рэпрэсіяў – грунтуецца паэтычны спектакль “37-22” (рэжысёра Андрэя Саўчанкі), які паказалі ў Беластоку “Купалаўцы”.

Праект “За што?” атрымаўся асветніцкі, кранальны. Але праз адсутнасць якаснай драматургіі складвалася ўражанне, што кожны з удзельнікаў спрабаваў выказацца, укласці ў спектакль усё набалелае, а таму атрымалася мешаніна ўражанняў. Аднак пры гэтым “За што?” меў драйв, адчуваўся рытм і нерв, а таму праект глядзеўся.

У адрозненне ад яго, “37-22” не ставала энергетыкі. Заяўлены сюжэт (супрацьстаянне паэтаў і чыноўнікаў) у нейкі момант згубіўся. Праз вельмі падобную стылістыку твораў, якіх у найлепшых купалаўскіх традыцыях дэкламавалі як акторы-чыноўнікі, так і акторы-паэты, падзел на “добрых” і “кепскіх” персанажаў страціў сэнс, а потым гэтыя лініі наагул сцерліся. Надзвычай дрэннае святло не дазволіла паказаць сцэнаграфіі, замест добрай карцінкі пакінула на тварах актораў няісныя ў рэальнасці мяшкі пад вачыма. У выніку самым моцным складнікам “37-22” аказалася музыка Эрыка Арлова-Шымкуса.

У адным з інтэрв’ю актрыса Валянціна Гарцуева сказала, што “Купалаўцы” паспрабуюць стварыць у Варшаве сталы тэатр. Хочацца спадзявацца, што ў “37-22” трапіць у рэпертуар у выглядзе, які адпавядае ўзроўню трупы.
Высновы і прагнозы
Высновы і прагнозы
Раскол у айчыннай тэатральнай прасторы ўсё больш паглыбляецца.

Калектывы ў Беларусі існуюць у савецкай сістэме каардынатаў. Апошняй уласціва дзяржаўнае ўмяшальніцтва і цэнзура амаль на ўсіх этапах дзейнасці – ад прыёму на працу і выбару назвы спектаклю да канчатковага (не)зацвярджэння пастаноўкі і яе ацэнкі ў друку – абавязкова ўхвальнай. Пры гэтай сістэме пастаноўка годных спектакляў магчымая: значная частка работнікаў тэатраў працягвае працу, а ступень умяшальніцтва залежыць ад пэўных чыноўнікаў. Але такія поспехі дасягаюцца насуперак, а не дзякуючы згаданым абставінам.

Тэатральныя трупы, што працуюць у эміграцыі, пакрысе разгортваюць сваю дзейнасць. Набіваючы гузакі, яны адаптуюцца ў іншай, нязвыклай для сябе сістэме і намацваюць далейшую стратэгію развіцця. Акрамя Тэатру жніўня, што звязаў сваю дзейнасць з рэпертуарным калектывам, яны пераважна працуюць у рэчышчы праектнага тэатру. Наколькі працяглай і паспяховаю будзе іх дзейнасць? Гэта будзе залежаць ад шэрагу фактараў: запатрабаванасці іх прадукцыі сярод гледачоў-эмігрантаў і мясцовай публікі, фінансавання (грантаў на падтрымку культуры ці ўласных заробкаў) і, натуральна, мастацкага ўзроўню пастановак.