Беларуская культура: музыка (верасень – кастрычнік 2022 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: МУЗЫКА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
Поп & рок. Кэнсэлінг і бойкі за сеткавы поспех
Асноўныя трэнды сезону:
Поп & рок. Кэнсэлінг і бойкі за сеткавы поспех
Асноўныя трэнды сезону:
  • Кэнсэлінг артыстаў набірае абароты: музычную прастору фармуюць як дзяржаўная палітыка забароны беларускага, так і “грамадскі кантроль” хэйтэраў.
  • Музыкаў працягваюць затрымліваць: трапілі за краты Тоr Band і Litesound. Агулам са жніўня 2020 года Беларуская Рада культуры зафіксавала 214 фактаў рэпрэсіяў супраць музыкаў. Дзяржаўны тэрор вынішчае прастору стварэння сэнсаў, але нічога не здольны прапанаваць наўзамен.
  • Беларускія музыкі збіраюць вялікія клубныя пляцоўкі ў Еўропе і даюць паспяховыя канцэрты за акіянам. Дыяспара цяпер існуе ў актыўнай фазе. Але колькі ў творцы ёсць часу?
  • Беларуская мова – у трэндзе, але не стае якасці: часам тэксты песень нагадваюць механічны Google-пераклад.
Мапа сэнсаў
Мапа сэнсаў
Цікава і сумна адначасова жыць у эпоху татальнага кэнсэлінгу. Тое, што адбываецца цяпер, часам нагадвае дзікае паляванне з ужываннем ядравай зброі: ні пераможцаў, ні пераможаных – толькі рэшткі ахвяраў забаронаў.

З аднаго боку, беларуская музыка ў межах краіны застаецца ў стане глыбокага падполля і паўнавартасна існуе толькі па-за тэрыторыяй адчаю: калі рэдкі беларускі гурт выязджае на гастролі ў іншыя краіны ды атрымлівае магчымасць зарабіць там грошы.

Беларуская дзяржава закэнсэліла беларускую ж незалежную музыку. Цяпер сюды ў неабмежаванай колькасці трапілі састарэлыя і маладыя расійскія артысты. Культурніцкі ландшафт цалкам змяніўся, і пачуць сёння на канцэрце ў Мінску беларускую мову – гэта сапраўдны кўэст. Замест Вольскага – Лепс, замест Вайцюшкевіча – Віктар Каралёў, замест Naviband – Лёша Свік.

З другога боку, беларуская супольнасць уважліва назірае за публічнымі выступамі сваіх артыстаў. Кожная заява і крок абмяркоўваюцца ў сацыяльных сетках, а ў асабліва клінічных выпадках лідары меркаванняў спрабуюць адрэдагаваць рэчаіснасць і нават трэк-ліст. Яскравы прыклад – спявачка Palina, якая на канцэрце ў Варшаве выканала песню “Облака – белогривые лошадки” і атрымала хвалю хэйту ад не задаволеных “расійскім” рэпертуарам карыстальнікаў Twitter.

Не ўсе беларускія артысты вытрымліваюць гэтае правяранне на паслядоўнасць. Напрыклад, гурт “ЛСП”, які ўвесну перанёс свой тур па Расіі праз немагчымасць выступаць у такіх абставінах, а лідар калектыву выказваўся супраць вайны, у кастрычніку і лістападзе паспяхова праехаў з турам па расійскіх гарадах. Што змянілася з вясны? Пытанне рытарычнае. Вайна ўсё яшчэ трывае.

У гэтым падарожжы бралі ўдзел не ўсе чальцы гурта. Напрыклад, у якасці сесійніка з “ЛСП” граў гітарыст расійскага гурта “Мумий тролль”. Калі інфармацыя пра тур трапіла ў публічную прастору, музыкі проста прыбралі расклад канцэртаў з афіцыйнага сайту, але сітуацыі ніяк не каментавалі.

Сучасны артыст мусіць фільтраваць свой рэпертуар і добра валодаць геаграфіяй. Курсы рыторыкі – на жаданне.
Рэпрэсіі трываюць
Рэпрэсіі трываюць
Рэпрэсіі супраць музыкаў працягваюцца. Са жніўня 2020 года Беларуская Рада культуры зафіксавала 214 фактаў рэпрэсіяў у дачыненні музыкаў: забароны канцэртаў, пераследы, зняволенні. Са свежых прыкладаў – затрыманне чальцоў абсалютна лайтовага поп-бэнду Litesound: з музыкамі запісалі “пакаяннае” відэа і зазначылі, што ў іх знайшлі незарэгістраваную зброю. Гэтак дзяржава помсціць творцам, якія атрымалі нешта ад яе ў свой час, але аказаліся “нядобранадзейнымі”. Падобна да паводзінаў пакрыўджанага дзіцяці, у якога яшчэ не развіўся эмацыйны інтэлект. Паводле гэтай логіцы, Беларусь – краіна “няўдзячных” артыстаў, якім дазволілі працаваць, а яны працуюць не так, як трэба дзяржаве.

Яшчэ адзін рэзанансны прыклад – затрыманне музыкаў рагачоўскага гурта Tor Band. Яны запісвалі ў 2020 годзе рок-гімны, якія ў выніку сталіся адным з сімвалаў пратэсту. Удзельнікаў Tor Band затрымалі разам з жонкамі, і яны не выйшлі на волю пасля 15 содняў. Паведамлялі, што сілавікі цікавіліся і ўсімі, хто браў удзел у здымках кліпаў гурта, а таксама авалодалі акаўнтамі Tor Band і выдалілі ўсе кліпы, агульная колькасць праглядаў якіх перавысіла 5 млн. Гэта спроба дзяржавы заткнуць анучай дзірку ў “нашай агульнай лодцы”, а вёсламі адмахвацца ад усіх, хто заўважыў, што лодка развернутая супраць плыні.

Дасюль застаюцца за кратамі два ўдзельнікі гурта Irdorath ды іншыя беларускія артысты. Быць незалежным музыкам і працягваць жыць у Беларусі – сур’ёзная рызыка. Быць беларускім незалежным музыкам і прыязджаць з Беларусі на гастролі ў Еўропу – геройства. Шмат хто паставіў свае праекты на паўзу і жыве ва ўмовах унутранай эміграцыі. З відавочных прыкладаў – “Крама” і “Палац”, якія не маюць магчымасці выступаць у Беларусі, але застаюцца ў яе геаграфічных межах. Гэтыя гурты – на паўзе, як і шмат іншых. Толькі адзінкі дазваляюць сабе працаваць ва ўмовах унутранай эміграцыі. Як прыклад – гурт Akute, які трапіў у чорныя спісы ў 2020 годзе, але знайшоў у сабе сілы, застаючыся ў Беларусі, выдаць новы альбом – “Напалову тут”.

Іншыя эмігравалі па-сапраўднаму ды збіраюць па кавалачках свае гурты і абсталяванне, як Relikt і “J:Mopc”, альбо спрабуюць зарабляць грошы ды наладжваць побыт у чужой краіне па-іншаму: будоўля ці крама на тыдні і гастролі ў выходныя – такая вось рэчаіснасць.
Новая беларуская музыка: спробы прысутнасці
Новая беларуская музыка: спробы прысутнасці
Пасля пратэстаў 2020 года мастацтва супраціву дасягнула пікавай адзнакі: літаральна за некалькі месяцаў была створаная больш як сотня пратэсных песень рознай ступені якасці. Пасля быў прадказальны заняпад: рэпрэсіі, вымушаная эміграцыя ды спробы ўладкаваць свой побыт не спрыялі з’яўленню новай і якаснай музыкі. Гэты ж заняпад бачым і цяпер.

Калі казаць пра ўдалыя прыклады, можам згадаць новы альбом Akute – “Напалову тут”, у якім гурт вяртаецца да гітарных каранёў пасля неадназначнага эксперыменту з электронным гучаннем. Ці даволі ўдалы эксперымент Gregory Neko – актуальны мікс электронікі і каляджазавай імправізацыі, які часам нагадвае папулярны цяпер лонданскі гурт The Сomet Is Coming. Класны рэліз у гурта “Союз” – яскравы рэверанс у бок бразільскай музыкі 1970-х з пяшчотнымі мелодыямі. Альбом, дарэчы, атрымаў камплімент ад амерыканскай зоркі Tyler The Creator. Яшчэ трэба згадаць альбом Hlybini колішняга ўдзельніка гуртоў Fratrez і Bosae Sonca баяніста Аляксандра Ясінскага: цікавае як мінімум з гледзішча выкарыстання інструмента спалучэнне прагрэсіўнага року, эксперыментальнай музыкі і джазу.

Але гэта ўсё даволі вядомыя імёны. Новая беларуская музыка пазбаўленая свежага погляду і цікавых ідэяў. З аднаго боку, гэта вынік татальнай цэнзуры з боку дзяржавы. З другога – гэта і пытанне музычнага кругагляду творцы, калі ў якасці рэферэнсу выкарыстоўваецца падставова другасны прадукт. Такім чынам, музыка паразітуе на жанравых клішэ і намагаецца адпавядаць пэўным стандартам: гучыць гэта альбо па-дзіцячы наіўна, альбо прадказальна і нецікава. У першым выпадку ёсць нясмелыя падставы для аптымізму, у другім можна смела ўлучаць рэжым дзеда і разважаць пра тое, што беларуская музыка ўжо не тая.

У кастрычніку альбом “Crowd of Krots” выдаў папулярны ў TikTok артыст kirkiimad: кампіляцыя жанравых клішэ падлеткавай поп-музыкі, аздобленая прыстойным саўнд-дызайнам. Яшчэ адзін прыклад: у верасні выйшаў новы трэк папулярнага цяпер трыа uniqe, nkeeei & Artem Shilovets – максімальна пазбаўленая ідэяў песня, але з 300 тысячамі праглядаў на YouTube.

Новы беларускі музыка марыць трапіць у трэнды TikTok ці перамагчы алгарытмы YouTube. Гэта бойка са штучным інтэлектам за права існаваць у інтэрнэт-прасторы. І мастацкая вартасць выказвання тут мае цалкам другаснае значэнне. Для беларускага творцы-пачаткоўца, пазбаўленага падтрымання медыяў, гэта адзіны шлях да патэнцыйнага слухача. Дызайн і тактыка выжывання – на першым месцы, мастацкая вартасць – прыемны бонус.

Пры гэтым беларуская мова – важны элемент творчага выказвання нават для расійскамоўных артыстаў. Гэта легальная праява пазіцыі і бязбольная спроба сказаць тое, што сказаць нібыта нельга. Шмат для каго з музыкаў гэта складаны філалагічны досвед, таму атрымліваецца, мякка кажучы, недарэчна. Тэксты песень складаюцца на падставе школьнага курсу беларускай мовы ды Google, таму кульгаюць на абедзве нагі ад расійскіх словаў і слабых рыфмыў. Пытанне – лепш так ці ніяк – дыскусійнае і адказу не прадугледжвае.

Яскравы прыклад – песня маладой спявачкі Iva Sativa “Дзікунка”. Гэта спроба спалучыць беларускую мову і модны біт, але спроба даволі слабая. Мы бачым, што ў свядомасці артысткі беларуская культура – гэта клішаванае ўяўленне пра бабуліны спевы пра дзевак і карагоды, праз якія праступаюць недарэчныя радкі: “Карацей кажучы, ну што б ты панімаў, гэта Беларусь, ёў, ацані запал”.
Беларускія гурты: мабільныя трыумфы
Беларускія гурты: мабільныя трыумфы
Папулярныя беларускія музыкі знаходзяць сваю аўдыторыю па-за геаграфічнымі межамі Беларусі. Чатыры разы на год “Петля пристрастия” выязджае з гастролямі ў Польшчу, Літву, Латвію, Нямеччыну, Чэхію, Кіпр і Грузію. Апцыйна – Аўстрыя і Арменія. Наведвальнасць такіх канцэртаў куды большая, чымся да 2020 года, і гэта лёгка патлумачыць масавай эміграцыяй. Рэгулярныя еўрапейскія гастролі ладзяць гурты Nizkiz і Naviband.

Лявон Вольскі і гурт “J:Mopc” увогуле паспяхова зляталі з канцэртамі ў ЗША ды сабралі даволі вялікую аўдыторыю нават у тых гарадах, дзе раней гэта падавалася немагчымым – беларускія дыяспары па ўсім свеце паводзяць сябе вельмі актыўна. Беларускія канцэрты – гэта пляцоўка стартавай самаідэнтыфікацыі ды рэфлексіі, тэрыторыя гуртавання паводле нацыянальнай прыналежнасці.

Для папулярных гуртоў гэта цудоўная магчымасць атрымаць новую актыўную аўдыторыю і зарабіць грошы. З іншага боку, маладыя беларускія праекты цалкам пазбаўленыя магчымасцяў сцэнічнага дэбюту: папросту не стае пляцовак. Буйныя медыі выкраслілі са свайго парадку дня культурніцкую ды адукацыйную місію і назіраюць толькі за славутымі артыстамі. Нішавыя музычныя медыі перасталі існаваць. Ёсць некалькі Telegram-каналаў, якія пішуць пра новую беларускую музыку, але іх аўдыторыя вельмі абмежаваная: найбуйнейшы налічвае менш за 2 тысячы падпісчыкаў.

Умовы для стварэння музыкі складана назваць спрыяльнымі, галоўная задача для артыста – знайсці магчымасць трапіць да слухача. І тут амаль адзіны шлях дэбютантаў – акурат змаганне з алгарытмамі буйных сацыяльных сетак.
Высновы і прагнозы
Высновы і прагнозы
Яшчэ нейкі час папулярныя беларускія музыкі будуць мець магчымасць выступаць перад шырокай аўдыторыяй, аднак гэты рэсурс, на жаль, вычарпальны. Для тых артыстаў, якія жывуць у Беларусі, гастролі могуць скончыцца ў любы момант – калі канчаткова закрыюцца межы з Еўразвязам. Хто жыве за межамі краіны, можа сутыкнуцца з пасіўнасцю аўдыторыі, якая немінуча перастане масава хадзіць на канцэрты. Па-першае, гэта будзе рэакцыяй на студыйную пасіўнасць беларускіх музыкаў. Па-другое, бясконцыя гастролі немінуча перакормяць аўдыторыю.

Актыўнасць і якасць творчасці новых беларускіх артыстаў будзе падаць. Цяпер яны не маюць каналаў і пляцовак для сваёй шырокай прэзентацыі. Беларускія медыі толькі зрэдку звяртаюць увагу на творцаў і паводзяць сябе ў адносінах да культуры цалкам пасіўна.

Дыстрыбуцыя творчасці цяпер – барацьба са штучным інтэлектам за права на існаванне: у такіх умовах гаворка не пра ўнікальны прадукт, а пра адпаведнасць пэўным стандартам.

Ціск рэпрэсіяў прымушае творцу займацца самацэнзурай і фільтраваць мэсіджы такім чынам, каб пачувацца ў бяспецы, публіка ж у сваю чаргу чакае ад лідараў меркаванняў смелых учынкаў і выказванняў. Ідэальны ньюзмэйкер у 2022 годзе мусіць быць бескампрамісным і гатовым да ахвяры. Але што ён атрымае наўзамен? Хвіліну славы ў прайм-тайм, якая скончыцца на наступны дзень, а наступствы могуць быць катастрафічнымі. Творца ўжо даўно ацаніў магчымыя рызыкі і не гатовы ахвяраваць.

Беларускі музыка цяпер пад каласальным ціскам. З аднаго боку – рэпрэсіі з боку ўладаў, з другога – кэнсэлінг у выпадку непапулярных крокаў і праяваў творчасці. У такіх абставінах артыст (калі можа) звычайна ставіць на паўзу творчую актыўнасць ды займаецца больш удзячнай і прыбытковаю справаю.