Беларуская культура: літаратура (верасень – кастрычнік 2022 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ЛІТАРАТУРА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ЛІТАРАТУРА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ЛІТАРАТУРА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ЛІТАРАТУРА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ЛІТАРАТУРА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ЛІТАРАТУРА (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
Камбэк пісьменства: белліт у пошуках новай ідэнтычнасці
Асноўныя трэнды сезону:
Камбэк пісьменства: белліт у пошуках новай ідэнтычнасці
Асноўныя трэнды сезону:
Унутры:
  • Працяг фізічнай і сімвалічнай чысткі літаратурнага поля сілавікамі ды ідэолагамі.
  • Сцісканне літаратурнага жыцця да фармату кватэрнікаў і Zoom-канферэнцыяў ва ўмовах крыміналізацыі публічнасці.
  • Актыўныя целарухі праўладных літаратурных інстытуцыяў дзеля “перагортвання старонкі”.
  • Пакуль павольная, але ўжо верная рэактывізацыя ў Беларусі “вялікай расійскай культуры” на фоне імперскай рыторыкі Крамля і русіфікатарскай паводле характару ваеннай агрэсіі расійцаў ва Украіне.
  • “Валенрадызм” – стратэгія супрацы з рэжымам дзеля захавання нацыянальнай спадчыны.
Звонку:
  • Далейшы рост попыту на літаратуру па-беларуску як матэрыялу для канструявання ідэнтычнасці, стварэнне новых выдавецтваў.
  • Кансалідацыя аўтараў ды іхных чытачоў вакол новых асяродкаў кніжнай культуры і літаратурных падзеяў па-за Беларуссю.
  • Узрастанне значнасці прабеларускай адукацыйнай і асветніцкай кампаненты ў колах “тых, хто з’ехаў”.
Мапа сэнсаў
Мапа сэнсаў
Стратэгічная задача, пастаўленая перад аўтарамі гэтага агляду найперш імі самімі, – асэнсаваць усю паўнату падзеяў айчыннага пісьменства як у Беларусі, так і па-за ёю, надаўшы карціне цэласнасць хоць бы ў межах цэхавай экспертызы. Зададзены ж фармат вымагае ацэнак дакладных, выразных, вострых і правакатыўных, з элементамі хайпу. Здольных патлумачыць сутнасць рэчаў аўдыторыі, далёкай ад кніжнага свету. Таму агляд восеньскіх падзеяў на арбіце белліту пачнём з сітуацыі ў самой Беларусі.

У той час як у вонкавым кантэксце працэсы, звязаныя з беларускім пісьменніцтвам і кнігавыданнем, структуруюцца і ўгрунтоўваюцца, змушаючы падбіраць выразы і браць напракат смокінгі ды вечаровыя сукні, унутры працягваецца армагедзец, на які не шкада ні эмоцыяў, ні эпітэтаў, ні дзівачных метафараў.
Recording in Progress: правілы (з)рухаў
Recording in Progress: правілы (з)рухаў
Палітычна-эканамічная тэма значна пагоршыла становішча кніг і іх аўтараў на радзіме. Указ аб недапушчальнасці росту цэнаў за 6 кастрычніка закрануў кнігарні і выдавецтвы, бо кніжная прадукцыя аказалася ў ліку тавараў, “няправільны” кошт на якія можа прывесці гандляроў за краты. Пэўны час кнігарні нават адмаўляліся прымаць на продаж навінкі.

Адначасова пачаў дзеяць указ за 22 чэрвеня для ўдраконьвання культурнай прасторы, што паставіла арганізатараў імпрэзаў, у тым ліку кніжных, перад неабходнасцю зарэгістравацца ў рэестры Міністэрства культуры, а плануючы вечарыну, узгадняць удзельнікаў і сцэнар ды забяспечваць бясплатнае месца чыноўніку-кантралёру. Дзяржаўных установаў новы ўказ, як выглядае, не датычыць.

Некаторыя анансаваныя чытанні ў верасні – лістападзе адмяняліся “па званку”. Іншыя ладзіліся пэўнымі пляцоўкамі пры ўмове, што арганізатары не будуць нідзе змяшчаць анонсаў. Публічнае чытанне тэкстаў цяпер нічым не адрозніваецца ад старых добрых кватэрнікаў. Да фармату якіх, уласна, і звялося сумоўе творчых асобаў унутры краіны. Збіраць агульную статыстыку ці рабіць агляд гэтай дзейнасці нават у шуфлядку сёння немагчыма тэхнічна. Таму прыватнае дакументаванне падзеяў – дзённікавыя запісы, фота-, аўдыя- і відэаархівы – гэта добрая ідэя для зімовых вечароў “тых, хто застаўся”. Адносна новая і добра абкатаная падчас каронавіруса магчымасць для літаратуры – онлайн: Zoom-вечарыны, відэалекцыі, відэаінтэрв’ю і падкасты (гэтым усім актыўна карыстаецца, напрыклад, Беларускі калегіум, як і іншыя суполкі ці кніжныя блогеры, якія застаюцца ў Беларусі). У лістападзе пачалася ў фармаце онлайн Школа маладога пісьменніка. Адным словам, застрымленае застаецца.
Калабарацыя: Not Just Business
Калабарацыя: Not Just Business
Працяг сімвалічных і фізічных чыстак літаратурнага поля – трывалы трэнд, а калі дакладней, поўны трындзец сезону. У кастрычніку прызнаныя экстрэмісцкімі кнігі “Айчына” Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава ды беларускі пераклад дзіцячага вершу Іосіфа Бродскага “Балада пра маленькі буксір”. Выглядае, што абедзве – за ілюстрацыі “паводле схемы БЧБ”. З тэрыторыі каля прыватнага музею Анатоля Белага ў Старых Дарогах пасля званка прапагандысткі зніклі выявы Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў ды іншых герояў нацыянальнага пантэону. Не спыняюцца звальненні і непрацягванні кантрактаў “ненадзейным” працаўнікам у дзяржаўных установах культуры. А Акадэмія навук, у тым ліку яе гуманітарныя інстытуты ў пачатку лістапада зазналі ператрус і аблаву.

Вы будзеце смяяцца скрозь слёзы, але на выпаленым полі ўсё-ткі адбываюцца “сустрэчы з прыўкрасным”. У кастрычніку – лістападзе адбыліся творчыя вечары Раісы Баравіковай (у “Кніжным клубе” – новай кнігарні праўладнага Саюзу пісьменнікаў) і Таццяны Сівец (у музеі Максіма Багдановіча). У навучальныя ўстановы пусцілі Леаніда Дранька-Майсюка і Алену Браву. 29 верасня ўражальнае кола паэтаў прэзентавала ў музеі Багдановіча беларускія пераклады кітайскай паэзіі. Згаданыя таленавітыя аўтаркі ды аўтары і раней дэманстравалі лаяльнасць да ўладаў у абмен на пасады ці доступ да аўдыторыі. Цяпер жа іхнымі далікатнымі далонямі ўвачавідкі “перагортваецца старонка”. Але старонка, напісаная свінцовым атрамантам, зацяжкая. Таму можна прадбачыць, што перазаключыць сацыяльны кантракт неўзабаве прапануюць большай колькасці не самых бяздарных творцаў.

У структурах, якія пакрысе пазбаўляюцца фанатаў сваёй справы (бо як іначай можна назваць асобаў, згодных выжыльвацца за такія заробкі?) сярод тых, хто (пакуль) не трапіў пад чысткі, папулярныя настроі “валенрадызму”. Стратэгію супрацы з варожымі сіламі дзеля ўратавання айчыны апісаў Адам Міцкевіч у паэме “Конрад Валенрод” яшчэ ў 1825 годзе, і амаль на стагоддзе яна зрабілася крыптасцэнаром выжывання для жыхароў Літвы, Польшчы ды Беларусі пад уладай Расіі. Гэтую тактыку імкліва згадваюць у РБ.

Сённяшнія валенроды ад культуры ставяць перад сабою гераічныя задачы: захаваць дакументы, архівы ды іншую матэрыяльную базу дзяржаўных установаў Беларусі. І ў тым ліку ажыццяўляць на дармовых пляцоўках хоць нейкі прыстойны варушняк (бо ўнутры краіны адчуваецца сур’ёзны культурніцкі голад). Падчас будучага разбору валенродаў будзе вельмі проста паблытаць з калабарантамі. Думаецца, вердыкт у кожным выпадку будзе індывідуальны.

І так, любімае арт-менеджарамі слова “калабарацыя” заззяла даўно забытымі фарбамі, калі стала вядома пра чарговы Марафон культуры ў школах Мінску, зарганізаваны на сродкі РФ. Гэты сам па сабе даўні трэнд (інвазія “русского мира” ў нас ніколі не перапынялася) адметны тым, што грамадзянская супольнасць нарэшце пабачыла ў ім праблему. Але самы адыёзны прэцэдэнт калабарацыі – гэта, натуральна, культурна-патрыятычны конкурс “Першыя сярод роўных”, які Ліцэй БДУ ладзіць супольна з КДБ. Сярод шасці намінацыяў ёсць і літаратурная.
Пад ціскам усіх гэтых абставінаў акадэмічная эміграцыя беларусацэнтрычных гуманітарыяў атрымлівае ўсё новыя стымулы. Пагатоў добрым адмыслоўцам ёсць куды падацца.
Самае знакавае звонку гэтаю восенню
Самае знакавае звонку гэтаю восенню
30 верасня – 2 кастрычніка адбыўся 10-ы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які, адказваючы на выклік часу, абнавіў фармат, дапоўніўшы даследчыцкую супрацу прэзентацыямі гістарычнай і мастацкай літаратуры. У цэлым літаратурнае жыццё за межамі Беларусі заўважна акадэмізуецца, а гістарычна-краязнаўчая тэматыка робіцца самаю запатрабаванай у тых, хто цікавіцца кнігамі па-беларуску: “Кава з гісторыкам” у Моладзевым хабе Варшавы, гістарычны клуб Beer&History ў Беластоку. Іншы жаданы жанр – дзіцячая літаратура. Беларусы ўсіх пакаленняў вучацца.

7 кастрычніка, нароўні з расійскімі і ўкраінскімі праваабаронцамі, Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі публіцысту Алесю Бяляцкаму, які ачольвае праваабарончы цэнтр “Вясна” і застаецца ў зняволенні. Адначасова стала вядома, што рыхтуецца кніга набэліста, матэрыялы для якой яму ўдалося пераслаць з-за кратаў. Кніга прысвечаная стварэнню ў пачатку 1990-х Музею Максіма Багдановіча і расказвае пра тое, як яго супрацоўнікі эвалюцыянавалі ў праваабаронцаў. Нехта мусіў дакументаваць пратэсты 1996 года, тлумачыць аўтар турэмных нататак. А дакументацыя ды архівацыя – беспасярэдняя задача музейнай справы.

Як і прадбачылася, Ноч расстраляных паэтаў з 29 на 30 кастрычніка зрабілася знакаваю датаю новага беларускага календара. Акцыянізм Змітра Дашкевіча (сёння ён за кратамі), які з 2017 года ладзіў 29 кастрычніка паэтычна-музычны мітынг у Курапатах, і мультымедыйны праект 2017-га “(Не)расстраляныя” 5 гадоў таму запачаткавалі рытуал.

Паэтычныя чытанні, лекцыі, вулічныя акцыі прайшлі ў больш як 20 краінах: да ўшанавання памяці рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры спрычыніліся дзясяткі беларускіх асяродкаў замежжа.

Арганізатарамі і вядоўцамі шматлікіх акцыяў Ночы расстраляных былі сучасныя літаратары ў эміграцыі, якія ўзялі на сябе місію медыумаў-асветнікаў. У сацыяльных сетках рэпрэсаваным творцам прысвячалі допісы літаратурныя блогеры і грамадскія актывісты, часта выкарыстоўваючы дату як нагоду згадаць пра сталінскі тэрор ва ўласным радаводзе.

Адначасова мы назіраем кшталтаванне новага беларускага літаратурнага канону. Характэрна, што з ліку больш як 100 знішчаных інтэлектуалаў менавіта паэты зрабіліся іконамі (у праекце “(Не)расстраляныя” сакральнасць адлюстраваная ў лічбе постацяў: іх 12), што чарговы раз сведчыць пра вялікую вагу вершаванага слова ў беларускім грамадстве. Заўважна, што беларусы свету праводзяць адназначныя паралелі паміж 1937 годам і актуальнымі падзеямі на радзіме.

І яшчэ. Усе без вынятку пералічаныя падзеі звонку адбыліся пры актыўным удзеле творцаў знутры, хай і здараліся тэхнічныя перашкоды (напрыклад, Літва адмовілася адкрываць візы ўдзельнікам Кангрэсу беларусістаў з Беларусі). Таму лучнасць нашага культурніцкага поля прынамсі ў літаратуры захоўваецца, нягледзячы ні на што. І гэта факт, які варта адзначыць.
Высновы і прагнозы
Высновы і прагнозы
  • Імклівы рост беларускіх літаратурных ініцыятыў за мяжою Беларусі рызыкуе хутка сягнуць шкляной столі, бо пісьменніцтва і кнігавыданне – датацыйныя рамёствы і цяжка выходзяць на самаакупальнасць. Пры гэтым зразумела, што еўрапейскія фонды не бачаць падтрымання беларускай кнігі прыярытэтам, а дзяржаўны рэсурс надзейна і, магчыма, надоўга недаступны для незалежных праектаў. Без разумення таго, што інвестыцыі ў беларускую культуру – справа саміх беларусаў дзеля свабоднай і бяспечнай будучыні, рэнесанс немагчымы.
  • Можна адзначыць выразны грамадскі запыт на стварэнне беларускага нацыянальнага ўніверсітэту ў выгнанні (нягледзячы на з’яўленне ў новым семестры прадметаў на беларускай мове, віленскі ЕГУ такім не ўспрымаецца). Хочацца спадзявацца, што попыт нарэшце выкліча прапанову.
  • Унутры Беларусі пануе экзістэнцыйны саспэнс. Вакол літаратуры і літаратараў склаліся перадумовы для паўтору фактычна ўсіх адмоўных сцэнароў мінулага стагоддзя: цкаванне, фізічны ўціск, маргіналізацыя з дапамогаю расійскага штыка, расійскай царквы, расійскай школы пры актыўным удзеле новых Мікітаў Зноскаў. Але фактычна ўва ўсіх дазволеных сёння публічных фарматах літаратуры прысутныя шчырасць, таемная ўзаемападтрымка і эзопава мова, што не можа не пасяліць надзеі.