Пасля пратэстаў 2020 года мастацтва супраціву дасягнула пікавай адзнакі: літаральна за некалькі месяцаў была створаная больш як сотня пратэсных песень рознай ступені якасці. Пасля быў прадказальны заняпад: рэпрэсіі, вымушаная эміграцыя ды спробы ўладкаваць свой побыт не спрыялі з’яўленню новай і якаснай музыкі. Гэты ж заняпад бачым і цяпер.
Калі казаць пра ўдалыя прыклады, можам згадаць новы альбом Akute – “Напалову тут”, у якім гурт вяртаецца да гітарных каранёў пасля неадназначнага эксперыменту з электронным гучаннем. Ці даволі ўдалы эксперымент Gregory Neko – актуальны мікс электронікі і каляджазавай імправізацыі, які часам нагадвае папулярны цяпер лонданскі гурт The Сomet Is Coming. Класны рэліз у гурта “Союз” – яскравы рэверанс у бок бразільскай музыкі 1970-х з пяшчотнымі мелодыямі. Альбом, дарэчы, атрымаў камплімент ад амерыканскай зоркі Tyler The Creator. Яшчэ трэба згадаць альбом Hlybini колішняга ўдзельніка гуртоў Fratrez і Bosae Sonca баяніста Аляксандра Ясінскага: цікавае як мінімум з гледзішча выкарыстання інструмента спалучэнне прагрэсіўнага року, эксперыментальнай музыкі і джазу.
Але гэта ўсё даволі вядомыя імёны. Новая беларуская музыка пазбаўленая свежага погляду і цікавых ідэяў. З аднаго боку, гэта вынік татальнай цэнзуры з боку дзяржавы. З другога – гэта і пытанне музычнага кругагляду творцы, калі ў якасці рэферэнсу выкарыстоўваецца падставова другасны прадукт. Такім чынам, музыка паразітуе на жанравых клішэ і намагаецца адпавядаць пэўным стандартам: гучыць гэта альбо па-дзіцячы наіўна, альбо прадказальна і нецікава. У першым выпадку ёсць нясмелыя падставы для аптымізму, у другім можна смела ўлучаць рэжым дзеда і разважаць пра тое, што беларуская музыка ўжо не тая.
У кастрычніку альбом “Crowd of Krots” выдаў папулярны ў TikTok артыст kirkiimad: кампіляцыя жанравых клішэ падлеткавай поп-музыкі, аздобленая прыстойным саўнд-дызайнам. Яшчэ адзін прыклад: у верасні выйшаў новы трэк папулярнага цяпер трыа uniqe, nkeeei & Artem Shilovets – максімальна пазбаўленая ідэяў песня, але з 300 тысячамі праглядаў на YouTube.
Новы беларускі музыка марыць трапіць у трэнды TikTok ці перамагчы алгарытмы YouTube. Гэта бойка са штучным інтэлектам за права існаваць у інтэрнэт-прасторы. І мастацкая вартасць выказвання тут мае цалкам другаснае значэнне. Для беларускага творцы-пачаткоўца, пазбаўленага падтрымання медыяў, гэта адзіны шлях да патэнцыйнага слухача. Дызайн і тактыка выжывання – на першым месцы, мастацкая вартасць – прыемны бонус.
Пры гэтым беларуская мова – важны элемент творчага выказвання нават для расійскамоўных артыстаў. Гэта легальная праява пазіцыі і бязбольная спроба сказаць тое, што сказаць нібыта нельга. Шмат для каго з музыкаў гэта складаны філалагічны досвед, таму атрымліваецца, мякка кажучы, недарэчна. Тэксты песень складаюцца на падставе школьнага курсу беларускай мовы ды Google, таму кульгаюць на абедзве нагі ад расійскіх словаў і слабых рыфмыў. Пытанне – лепш так ці ніяк – дыскусійнае і адказу не прадугледжвае.
Яскравы прыклад – песня маладой спявачкі Iva Sativa “Дзікунка”. Гэта спроба спалучыць беларускую мову і модны біт, але спроба даволі слабая. Мы бачым, што ў свядомасці артысткі беларуская культура – гэта клішаванае ўяўленне пра бабуліны спевы пра дзевак і карагоды, праз якія праступаюць недарэчныя радкі: “Карацей кажучы, ну што б ты панімаў, гэта Беларусь, ёў, ацані запал”.