Беларуская культура: агляд (верасень – кастрычнік 2022 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ВЕРАСЕНЬ – КАСТРЫЧНІК 2022 Г.)
Агульная сітуацыя
Агульная сітуацыя
Агляд стану беларускай культуры на кароткай – квартальнай – дыстанцыі не дазваляе вылучыць глабальных тэндэнцыяў ды істотных трэндаў. Аднак абсалютна дакладна можа пазначыць істотныя рысы новага культурніцкага парадку.

Яго найбольш значны маркер – працяг фармавання двух супрацьлеглых вектараў руху: вестэрнізацыі (паступовага далучэння да еўрапейскай культурнай прасторы) і русіфікацыі (бюракратычна-сілавога прэсінгу крэатыўнага класу). Гэта не проста трафік у розных кірунках. Гэта існаванне паводле розных мапаў сэнсу.

Чым далей, тым больш востра відаць, наколькі наіўнымі былі надзеі з папярэдняй эпохі на гарманічнае “аб’яднанне” афіцыйнай культурніцкай індустрыі і незалежнага крэатыву. Яны падаюцца не проста рознымі тэхнікамі працы ды поглядамі на культуру і культурнасць, але несумяшчальнымі формамі жыцця. Кожная з якіх успрымае супрацьлеглую як беспасярэднюю небяспеку.

Дзяржаўная культура апошнім часам канчаткова зрушыла ў бок аўтарытарна-рэпрэсіўнага філіялу сілавых структураў. Фактычна адбудоўваецца вертыкаль бюракратычна-ідэалагічнага ціску на дзеячаў культуры, галоўнаю мэтай якой падаецца вынішчэнне “няправільных” думак і нелаяльных працаўнікоў. Інерцыйная аднастайнасць робіцца галоўнай адзнакаю прыймальнага культурніцкага прадукту, падкантрольнасць – бясспрэчным знакам якасці.

Большасць з таго, што адбываецца ў айчыннай культурнай прасторы, існуе ў рытуальна-дэкларатыўным фармаце дзіўнай гульні без мэты і сэнсу. І гэта робіць пытанне мастацкай якасці ды нацыянальнай свядомасці не тое каб адсутным, але збольшага неістотным. Афіцыйная культура паспяхова пераўтвараецца ў імітацыйны праект каланіяльнай адміністрацыі.

Паслядоўнае ды настойлівае пазбаўленне ад “рызыкоўных” сюжэтаў і “нязручных” асобаў стварае, з аднаго боку, максімальна беспраблемнае публічнае асяроддзе. З другога – спрыяе на новым узроўні рэанімацыі класічнай “катакомбнай культуры” савецкага часу: сакрэтны тэатр, прыватныя кінасеансы, кватэрныя чытанні, онлайн-кінафэсты, сеткавыя музычныя рэлізы. Гульня сэнсаў і грувасткія метафары, шыфраваныя мэсіджы. Аўтары і публіка выходзяць з поля бачання ўладаў у патаемны свет канспіратыўнай культурнасці.

Татальная дэструкцыя культурніцкай экасістэмы эпохі ўмоўнай “стабілізацыі” вызначае лёсы крэатыўных праектаў ды суполак. І калі сапраўды нас чакае “эпоха маўклівасці” заклапочаных ды разгубленых герояў былога часу (новых твораў ад “генералаў року”, напрыклад, амаль не відаць), калапс былых магчымасцяў і дамоўленасцяў спрыяе паўстанню новай плыні творчых пошукаў. Выглядае непазбежным надыход свежага пакалення творчых маладзёнаў, пазбаўленых якаснай адукацыі, легальнай магчымасці заявіць пра сябе, рэлевантнага культурніцкага досведу, адбудаванай сістэмы каштоўнасцяў ды ўцямнай самаідэнтыфікацыі. Іхная інтуітыўная беларускасць мае няшмат шанцаў на радзіме, але паціху стварае крытычную масу нязгодных з наяўным станам рэчаў. Стыхійныя беларусы зноў у трэндзе – нават калі іхныя нягеглыя вершыкі кульгаюць на абедзве нагі.

Што да культурніцкіх падзеяў ды ініцыятываў па-за межамі краіны, яны ствараюць, па вялікім рахунку, не “новую Беларусь”, а “новую Еўропу”. Наш унікальны лакальны досвед і адмысловая энергетыка, памножаныя на актуальныя замежныя тэхналогіі ды еўраменеджмент, будуюць якасна іншае поле магчымасцяў – у параўнанні з правінцыйнаю запаволенасцю краіны нашага паходжання. Праз два гады культурніцкага шоку паціху надыходзіць час тэкстаў ды івэнтаў.

Асабістае культурнае самавызначэнне (незалежна ад адрасу і прапіскі) робіцца сёння прыватнаю прыгодай, эксперыментальным непадцэнзурным засваеннем лапікавай культурнай прасторы. Новыя аўтары трапляюць у зону невідавочнага. Што дадае недабудаванаму праекту новай беларускай культуры адмысловы водар рызыкі і непрадказальнасці. Кураж – нашае другое імя.

Пустэча ёсць выклікам і прапановай.