Тры галоўныя пойнты – 2022. Літаратура
Мурал у Вільні, прысвечаны Алесю Бяляцкаму. Фота: spring96.org
Тры галоўныя пойнты – 2022. Літаратура
Мурал у Вільні, прысвечаны Алесю Бяляцкаму. Фота: spring96.org
Год, што мінае, быў небагаты на пазітыў, таму пералік выбітных з'яваў у беларускай літаратуры за 2022-і змушана скарачаем да трох, але найбольш адметных.
Узмацненне антыімперскага наратыву
як водгулле “пушкінападу” ва Украіне. Ці не ўпершыню за 200 гадоў праглядае надзея, што небяспеку, якую нясе беларусам як нацыі існаванне побач з Расіяй, цяпер усведамляе і транслюе далей у масы дастаткова шырокае поле беларускіх інтэлектуалаў. У гэтым плане прэцэдэнтавым аказаўся скандал вакол фестывалю “Прадмова”, які прайшоў у чэрвені 2022 года ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Шэраг беларускіх літаратараў знялі свой удзел і/ці выступілі з рэзкаю крытыкай аргкамітэту, які ў сітуацыі вайны вырашыў запрасіць аўтараў з Расіі, у выніку чаго ўкраінская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў імпрэзе.
Мінск цяпер не (адзіны) цэнтр літаратурнага жыцця Беларусі
2022-і – год рассеяння беларускай грамадскай супольнасці. Як вынік цяпер мы можам казаць пра ўзбуйненне шматлікіх цэнтраў беларускай культурніцкай прысутнасці на некалькіх кантынентах у выглядзе бібліятэк, музеяў, цэркваў, культурніцкіх цэнтраў, выдавецтваў дый проста ў фармаце тусоўкі. Унутры метраполіі дэцэнтралізацыя літаратурнага жыцця прыраўняла Мінск да Брэста, Гродна ці Полацку, і ўсталяванне такога раўнапраўя бачыцца толькі карысным. Адметна, што другі год запар, пасля кнігі "Па што ідзеш, воўча?" Евы Вежнавец, першы прыз Прэміі Гедройця здабыла кніга аўтара, які шмат гадоў жыве ў эміграцыі (Сяргей Абламейка, "Невядомы Мінск: гісторыя знікнення"). Аўтараў, якія сімвалічна застаюцца на радзіме, пішучы і выдаючы кнігі на беларускай мове ці пра Беларусь, робіцца ўсё больш. Гэта як апошняя (Наталка Харытанюк, Зміцер Бартосік), так і папярэднія (Наталля Станкевіч, Уладзіслаў Гарбацкі) хвалі эміграцыі.
Галасы беларускіх пісьменнікаў гучалі ў свеце
Вяршыня гэтага – уручэнне Нобэлеўскай прэміі міру (у тым ліку) пісьменніку і праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Газета New York Times упершыню выкарыстала слова trasianka, пра што паведаміла ў снежні праз свой Twitter. Яго ўжылі ў рэцэнзіі на новую кнігу беларускай літаратаркі Юліі ЦімафеевайMotherfield: Poems and Protest Diary”, якая пабачыла свет сёлета ў ЗША ў перакладзе Вальжыны Морт. Тэма Беларусі працягвае гучаць пасля 2020 года, нягледзячы на ўвагу, прыкутую да вайны ва Украіне, і змрочную ролю рэжыму Лукашэнкі ў гэтым канфлікце. Літаратары, якія атрымліваюць слова, даносяць да свету найважнейшае пра беларускую моўную і нацыянальную ідэнтычнасць: “Драматычная памылка – аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасці ідэнтычнасці і Незалежнасці” (словы Алеся Бяляцкага з Нобэлеўскай прамовы ягонай жонкі Наталлі Пінчук). Прагучаў як аўтар палітычны вязень Максім Знак, якому ўдалося перадаць на волю аповесць з 100 навелаў “Зэкамерон” – адзін з найлепшых на сёння ўзораў нашага не толькі турэмнага, але і наагул пісьменства, а заадно важнае сведчанне. “Зэкамерон” Знака выйшаў у лістападзе 2022 года адначасова ў расійскай і беларускай версіях, анансаваныя нямецкае, англійскае і шведскае выданні.