Пяць (+ 1) галоўных пойнтаў – 2022. Сучаснае мастацтва
Мастачка і актывістка Яна Шостак у сукенцы з надрукаванымі фота беларускіх палітвязняў
Пяць (+ 1) галоўных пойнтаў – 2022. Сучаснае мастацтва
Мастачка і актывістка Яна Шостак у сукенцы з надрукаванымі фота беларускіх палітвязняў
Сучаснае мастацтва – асаблівая сфера культуры. З аднаго боку, работнікі культуры да 2020–2022 гадоў мелі намадычны стыль існавання і былі збольшага інтэграваныя ў глабальны кантакт або прынамсі звязаныя з ім. З іншага боку, сфера сучаснага мастацтва ў Беларусі перажыла некалькі хваляў міграцыі. Асаблівасцю гэтых хваляў было тое, што, не зважаючы на ад'езд, абмен паміж тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто заставаўся ў краіне, працягваў існаваць. Дзякуючы супольным праектам, падтрыманню, серыі рэзідэнцыяў, абмену кантактаў і г. д. І ў гэтым сэнсе сучаснае мастацтва можа быць прадметам вывучэння практык: як падтрымліваць стасункі і працягваць праекты, застаючыся ў такім размеркаваным і фрустраваным стане, як мы цяпер.

Сёлета хацелася б вылучыць не столькі асобныя праекты, колькі зафіксаваць важныя тэндэнцыі ў сучасным мастацтве. Усе яны, так ці інакш, скіраваныя на выбудоўванне доўгатэрміновых сетак падтрымання, пабудову інфраструктуры, выбудоўванне сувязяў не толькі па мяжы “з'ехалі – засталіся”, але і сярод культурніцкіх работнікаў з Беларусі, якія сёння перабываюць па ўсім свеце.

Фіксуем тэндэнцыі:
Работнікі культуры i салідарнасці з Украінаю
Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну і роля Беларусі ў гэтай вайне шмат у чым падпарадкавала мастацкі кантэкст гэтага года. Беларускія культурніцкія работнікі вельмі актыўна рэагавалі на вайну. Важна адзначыць запуск Інтэрнацыянальнай кааліцыі работнікаў культуры ў салідарнасці з Украінаю створанай беларускаю камандай, што аб'яднала больш за 100 мастацкіх выказванняў з розных краінаў свету.
Таксама застаецца вялікі ўзровень далучэння мастакоў у валанцёрскія праекты. Тут важна адзначыць актывісцкую дзейнасць Яны Шостак ды іншых мастакоў, якія першыя месяцы вайны даслоўна жылі на польска-ўкраінскай мяжы і дапамагалі ўцекачам.

Акрамя таго, шмат якія мастакі сустрэлі вайну ва Украіне: Аляксей Лунёў, Таша Кацуба, Яўген Атцецкi.
Сетка рэзідэнцыяў і падтрыманне мастацтва
Шмат якія рэзідэнцыі (праграма рэзідэнцыяў ад Razam у Берліне, Q21 у Вене, рэзідэнцыі ў Польшчы ды іншых краінах) дапамагаюць і падтрымліваюць не толькі мастакоў у выгнанні, але таксама даюць магчымасць выехаць ад тыдня да некалькіх месяцаў тым, хто застаецца ў Беларусі, каб працягнуць працу ці проста перазагрузіцца.

Гэтыя ініцыятывы дапамагаюць беларускім работнікам культуры не губляць сувязі з глабальным кантэкстам, атрымліваць новыя веды і нэтўоркінг.
Удзел у вялікіх міжнародных праектах
У 2020–2021 гадах было шмат выставаў беларускага мастацтва. Сёлета беларускія мастакі бралі ўдзел у міжнародных праектах і выставах. Напрыклад, “Працуй больш! Адпачывай больш!”, eeefff, antiwarcoalition.art бралі ўдзел у адной з найбуйнейшых імпрэзаў у сферы сучаснага мастацтва – documenta ў Касэлі, “Праблемны калектыў” браў удзел у міжнароднай выставе ў Kunsthalle Wien, Марына Напрушкіна – у Survival Kit. Такія выставы інтэгруюць беларускае мастацтва ў глабальную прастору і робяць яго больш прыкметным.
Даследаванні, адукацыя, архівацыя
Гэтая праца найменш бачная. У сітуацыі, калі сёння мы ўсе настолькі падзеленыя, сувязі разарваныя, кантэксты няясныя, адукацыйныя i даследчыя праекты найбольш важныя як для сувязяў работнікаў культуры паміж сабою, так і для аналізу ды архівацыі таго, што адбываецца. На жаль, большасць праектаў, якія праходзілі ў 2022 годзе, дзеля бяспекі нельга апублічваць. Аднак менавіта яны дапамагаюць падтрымлiваць стасункі паміж беларускімі мастакамi ўва ўсім свеце і ў Беларусі.
Праекты ў складках беларускага поля
Асаблiва хочацца адзначыць тыя праекты ды ініцыятывы, якія былі сёлета ў Беларусі. Дзеля бяспекі мы не будзем называць імёнаў. Аднак культурніцкія работнiкі шукаюць новыя памежныя прасторы ды магчымасці для сваёй прафесійнай дзейнасці, салідарнасці і абмену. Важна памятаць, што ў Беларусі працягваецца важкая праца. Якая, не зважаючы на тое, што нябачная, знаходзіць сябе ў шэрых зонах, выбудоўвае новы кантэкст і новыя супольнасці.
Палітычныя вязні
Важна памятаць, як шмат работнiкаў культуры застаюцца за кратамi i ёсць палiтычнымi вязнямі. Нашае падтрыманне мае вялікае значэнне. Сярод шматлікіх палітзняволеных хочацца згадаць Алеся Пушкіна, які атрымаў 5 гадоў калоніі строгага рэжыму за сваю творчасць.