Якую б адпаведную паравіне года метафару выбраць для зачыну на гэты раз? Падняцце лазы. О так — яно. Калі на вясковы падворак ці лецішча, дзе дзесяцігоддзямі гадуюць вінаград, урываюцца газавікі, электрыкі з новаю ЛЭП або гаспадары надумалі правесці каналізацыю, падыход да дому часта закрывае добра ўкаранёная лаза. І тады трэба разбурыць апору і адкінуць лазу ўбок, каб праехаў бульдозер. Часам — пакласці вінаград на зямлю на год, а то і два. Але калі ўсё скончана і надыходзіць чарговая вясна, гаспадары выходзяць на падворак і ставяць новыя апоры, падымаюць лазу. Ужо ўлетку яна аджывае, цвіце і плоданосіць, як нічога-ніякага.
Беларуская кніжная справа сёння — у віры рэпрэсіяў, але ўсё ж уяўляецца такою знятаю з апоры лазой, якая дае новыя парасткі, як толькі ёй ствараюць умовы.
Працягваецца працэс перамяшчэння грамадскай супольнасці з Беларусі вонкі, і ў яго непазбежна ўлучаныя літаратары — нягледзячы на фобію страты дому, дыягнаставаную намі ў творчай багемы яшчэ ў папярэдніх аглядах. Гэта адбываецца на фоне няспыннага застрашвання насельніцтва ў Беларусі. Пашырылася кола асобаў, выкліканых на гутаркі спецслужбамі, у асноўным за пераводы грошай ахвярам рэпрэсіяў, творчую эліту пакрысе пазбаўляюць магчымасці працаваць паводле спецыяльнасці. Адно за адным адбываюцца ператрусы, арышты і гучныя судовыя справы: ініцыятары яўна спадзяюцца на розгалас дзеля псіхалагічнага ціску на шырокую аўдыторыю. Гэтак, адметным быў эпізод, які апублікаваў у сацыяльных сетках Андрэй Горват у сакавіку 2023 года. На выездзе з Беларусі ў Літву яго брутальна затрымалі і дапыталі, але ў выніку адпусцілі з краіны. Можна меркаваць, з разлікам на рэзананс, які атрымае гэты выпадак. Цяпер папулярны аўтар і краязнаўца за мяжою.
Іншым уражвальным для супольнасці выпадкам стаўся арышт у пачатку сакавіка выдаўца Змітра Коласа, які правёў у СІЗА КДБ 10 дзён і быў выпушчаны без выстаўлення абвінавачанняў. Ягоны супрацоўнік, друкар Алег Сычоў, на момант канца красавіка 2023 года застаецца за кратамі. Інцыдэнт, на фоне якога адбыліся гэтыя арышты, звязаны з дыверсіяй на аэрадроме “Мачулішчы” ў кантэксце агрэсіі Расіі ва Украіне. Як вынік — узмацніліся правяранні на межах, пільную ўвагу надаюць друкаваным выданням у багажы пасажыраў.
У канцы красавіка стала вядома пра спыненне ліцэнзіі выдавецтва Змітра Коласа, але, выглядае, гэта не было звязана з ягоным папярэднім зняволеннем. Прычынаю выраку сталася прызнанне аднаго з выданняў гэтага выдаўца экстрэмісцкім. “Зміцер Колас” — восьмае выдавецтва, што спыніла існаванне ў Беларусі з тых ці іншых прычынаў з 2020 года.
Такім чынам, унутры краіны створаныя максімальна некамфортныя (хоць пакуль і адносна бяспечныя) ўмовы для культурніцкай дзейнасці. Гэта толькі павялічвае ўпэўненасць і рашучасць, з якою дзеячы культуры падымаюць лазу белліту па той бок калючага дроту, за Бугам.
У новыя ўмовы “з мінулага жыцця” перанесены праект “
Літрадыё: медыя пра сучасную беларускую літаратуру” (раней існаваў у Беларусі пад парасонам Беларускага ПЭНу). Як і даслоўна ўсе адроджаныя ініцыятывы, партал Паўла Анціпава зазнаў апґрэйд. Абноўлены партал пакліканы змяшчаць літаратурныя творы, крытыку і падкасты пра літаратуру, камбінуючы тэкставы і аўдыяфармат. Ён актыўна напаўняецца, і, як іншыя нашыя літрэсурсы, не падзяляе аўтарак і аўтараў Беларусі на беларускамоўных ды расійскамоўных, што лішні раз сведчыць пра каштоўнасць такога падыходу для літаратурнага асяроддзя Новай Беларусі, а таксама спрабуе пашырыць оптыку, з якой глядзяць на літпрацэс самыя беларусы за кошт аўтсайдараў: для пачатку ўкраінскі расійскамоўны крытык Юрый Валадарскі, які цяпер жыве ў Ізраілі, чытае знакавыя празаічныя творы па-беларуску і піша пра іх тэксты. Сціслы фідбэк: хочацца, каб такіх аўтсайдарскіх ракурсаў — і не толькі з расійскамоўнага свету — з’яўлялася на партале болей.
Яшчэ адзін знакавы для белкульту партал —
Makeout —актываваўся ва ўмовах рэлакацыі ў лютым пад лэйблам “
ДазХіп: медыя пра гендар і сексуальнасць у кантэксце Беларусі” (фасілітатар праекту — Нік Анціпаў). Мэта — надаць голас супольнасці ЛГБТК+ у Беларусі і за яе межамі. Адметна, што паралельна онлайн адбываюцца майстар-класы творчага гендарнага і кўір-пісьма, што, несумненна, у лепшы бок мяняе айчыннае літаратурнае поле. У гэтым кантэксце, з прыкрым спазненнем, варта згадаць
онлайн-зборнік “Расцяжэнне”, які з’явіўся ў канцы 2022 года і быў незаслужана праігнараваны ў нашых аглядах. Зборнік уяўляе сабою вынік лабараторыі фем-пісьма, арганізаванай адукацыйным кўір-фем-сястрынствам “Тэндар на гендар” (фасілітатар і фасілітатаркі праекту: Дар’я Трайдэн, Ганна Отчык, Юля Чарнышова, Таня Заміроўская, Юля Арцёмава, Тоні Ладшэн).
У кантэксце рэлакацыі беларускай выдавецкай справы працягвае з размахам выдаваць папулярную літаратуру па-беларуску выдавецтва “Янушкевіч”, наладзіўшы ў дадатак зручную дыстрыбуцыю праз
allegro.pl, пра што даўно марылася беларусам замежжа. У дадатак Андрэй Янушкевіч абвесціў у канцы красавіка пра выкуп правоў на шэраг твораў Стывэна Кінґа. З улікам таго, што амерыканскі пісьменнік за год да таго публічна спыніў супрацу з выдавецтвамі Расіі і Беларусі на знак пратэсту супраць агрэсіі Расіі ва Украіне, навіна гэтая мае не толькі вузка культурніцкае, але і шырэйшае, палітычна-дыпламатычнае значэнне. Увесну 2023-га можна сцвярджаць, што выдавецтва “Янушкевіч” на 90 % аднавіла тыя магутнасці, якія мела да закрыцця ў Беларусі — увесну 2022-га.
Адзіны пакуль істотны прагал у адрастанні лазы літпрацэсу — знікненне з парадку дня незалежных літаратурных прэміяў: імя Цёткі, Шэрмана, Анемпадыстава, Арсенневай. Будзем спадзявацца, іх узнаўленне — пытанне часу.
Але вернемся ў Сінявокую. Інсайдары падаюць сігналы пра крызіс дзяржаўных структураў літаратуры. Каб утрымаць рэсурсы ў сваіх руках, літчыноўнікам трэба напаўняць старонкі газетаў, часопісаў, кніг больш-менш прыстойнымі тэкстамі, а падчас планавых імпрэзаў у музеях і бібліятэках, якіх таксама павінна быць рэгламентаваная колькасць, паказваць публіцы не зусім ганебных жывых аўтараў. Аднак рэпрэсіўны апарат праводзіць ускрай строгую цэнзуру, ужываючы ананімныя даносы, наезды прапагандыстаў, шпіянаж у сацсетках ды іншае такое кунг-фу. Негалосныя чорныя спісы пашырыліся фактычна на ўсю творчую супольнасць унутры Беларусі, незалежна ад мовы і эстэтыкі творчасці. Каб зрабіцца
non grata для дзяржавы, аўтарам сёння трэба вельмі і вельмі мала. Пры гэтым неймаверны ўздым нефармальнай культуры папярэдніх гадоў моцна падняў планку нават для Мінінфарму з Мінкультам ды іх стракатых праектаў, павялічыўшы адчувальнасць чытача да трэшу. Праўладным пісьменнікам даводзіцца канкураваць і старацца выглядаць годна — і гэта таксама, хутчэй, не іхная ўнутраная патрэба, а загад зверху. Рэжым, здаецца, сцяміў, што адною з асноўных прычынаў рэвалюцыі 2020-га была эстэтычная: мела месца перакормленасць насельніцтва афіцыёзам, безгустоўнасцю і кічам.
Гэтак, створаны запыт на тое, каб было прыгожа, шляхетна, якасна, але каб аўтар ці аўтарка нічога нідзе не вывесілі, нікому не заданэйцілі і —
mission impossible – не падпісаліся ў 2020-м “не за таго” кандыдата. Як вынік — Музей Багдановіча фактычна ператварыўся ў аўтарскую пляцоўку свайго работніка Міхала Бараноўскага. І гэта было б нават камічна, калі б не было гэтак дэпрэсіўна. Патэнцыял творчага поля РБ імкнецца да нуля і моцна залежыць ад лаяльнасці да сістэмы паасобных “незасвечаных” творцаў, ад таго, ці спакусяцца яны на мізэрныя ганарары ў абмен на страту рэпутацыі. (Адметным стаўся, напрыклад шэймінг у сацсетках паэта Рагнеда Малахоўскага за патрыятычны верш “Ганаруся”, надрукаваны ім у канцы сакавіка ў газеце “Літаратура і мастацтва”).
Адказнасць за доступ у друк “экстрэмісцкіх элементаў”, відавочна, ляжыць на чыноўніках ад літаратуры, таму гэтых пазіцыяў ніхто займаць не імкнецца. Паступаюць сігналы пра дэфіцыт кадраў дзяржаўнай літаратурнай кармушкі. Выглядае, літчыноўнікі паставілі новую крутую апору для вінаграду, але абсякаюць любыя “ненадзейныя” парасткі — нават тыя, што не супраць да яе дацягнуцца. Такая селекцыя выглядае адначасова забаўна і сумнавата. Адкрытае пытанне: адбудзецца негалосная амністыя ўнутры сістэмы дзеля далейшага ціхамірнага распілу бюджэту ці аўтарак і аўтараў, якія сёння друкуюцца за кошт дзяржавы, пачнуць выкарыстоўваць у іміджавых мэтах — шантажаваць дадзенымі ім прывілеямі і прымушаць да публічнай прысягі рэжыму?
Незалежная ад праўладнай кармушкі большасць схільная шукаць праявы старога добрага чырвона-зялёнага трэшу ўва ўсім, што робіцца сёння дзяржаўнымі чыноўнікамі ад літаратуры. Напрыклад, пад віртуальны булінг у лютым трапіла эпатажная мінская пісьменніца Ната Алейнікава, якая чытала вершы пра каханне ў ружовых сукенках падчас планавых імпрэзаў 23 лютага. Але, як нам здаецца, маргінальная з’ява тут няслушна выдаецца за мэйнстрым. Нельга не заўважыць выключна якаснага кантэнту, прадукаванага сціплымі вертаградарамі дзяржліту пад пагрозаю непрацягнення кантрактаў, ва ўмовах “забароны ўсяго”, нельга не ацаніць партызанскіх схемаў для далучэння да культуры людзей, якім гэта сёння патрэбна як ніколі, развіваць нацыянальную гуманітарную навуку і адукацыю ў ценю “русского мира”. Прыкладаў, ясна, не будзе.