Беларуская культура: агляд (люты – красавік 2023 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛЮТЫ – КРАСАВІК 2023 Г.)
Агульная сітуацыя: коды адсутнасці
Агульная сітуацыя: коды адсутнасці
Найноўшы стан пасечанага на пярэстыя кавалкі белкульту цікавы перадусім адсутнасцю відавочных падзеяў і бясспрэчных перамог. Галоўнае тут вызначаецца не праз мастацкі пошук, а праз чалавечыя сітуацыі. Тэксты працуюць дадаткам да лёсу аўтараў, асабісты почырк выглядае прыладаю для агучвання пустой жыццёвай прасторы. Ёсць адчуванне канчатковай вычарпанасці сюжэту “недаробленай рэвалюцыі” і адпаведна — патрэбы ў замене дэкарацыяў.

Колішні падзел на сваіх і чужых сёння не вызначае нічога, бо няма ўжо ні былых сваіх, ні ўчорашніх чужых. Зрэшты, з рознай нагоды. Бо чужыя канчаткова абнуліліся і сышлі ў шумавое вяшчанне прымусова прыязнай аўдыторыі.

З таго боку не відаць гітоў і бестселераў, дзяржаўнае кінапланаванне працуе з асцярожнай аглядкаю на маскоўскіх партнёраў, выяўленчае мастацтва практыкуе агратрэш. Тэатр, губляючы “нелаяльныя” творчыя кадры, усё больш трапляе ў эстэтычную і фінансавую залежнасць ад усходняга суседа. Лаяльны сегмент белкульту неадваротна схіляецца да безнадзейна другаснага ды ідэйна бездапаможнага стылю кволай расейскай правінцыі. Перманентнае вынішчэнне нефармату і нязгоды ператварае культурніцкія інстытуцыі ў бюракратычныя філіялы сілавых структураў. І пазбаўляе большасць бюджэтных культурніцкіх івэнтаў нават рэшткавай значнасці.

Дзяржкульт працуе ў сінхрон з уладаю: не стварае сэнсаў, а трымае месца. Запаўняе сабою прастору. Пазначае фантомную прысутнасць.

Што да сваіх, сітуацыя больш складаная. Бо пасечаным аказалася як артыстычнае асяроддзе, гэтак і кола яго (і без таго нешматлікай) адданай публікі. Новыя вымярэнні беларускасці (як ва ўнутраным, гэтак і ў мігранцкім фармаце) не ўкладаюцца ў мастацкі слоўнік папярэдняй эпохі. Свае разляцеліся па турмах і выгнаннях. Рэшта вучыцца нябачнаму партызанінгу.
Быць публічным у краіне небяспечна. За мяжою — трывожна. Адно і другое — пераважна інерцыйны рух.

Аднаўленне прасоўваецца цяжка. Таму жывём паўзамі. Таму няшмат прэм’ераў. Таму на канцэртах пераважна працуюць не новыя рэчы, а старыя рэпутацыі. Таму выставы хутка жывуць у музеях і хранічна не дацягваюць да падзеі. Таму ў чарговым культурніцкім аглядзе манецца замест тэксту зрабіць прабел. Пры ўсёй павазе да прысутных і адсутных.
Сваіх вылічваеш у цемры нашай нябачнасці. Шукаеш праз агульную нявызначанасць. І знаходзіш як нечаканы бонус да тваёй далікатнай адсутнасці.

Паралельна разгортваюцца дзве стратэгіі незалежнага культурніцкага будаўніцтва: сістэмнае праектаванне і дэструкцыя пропісяў. Першая выдумляе матрыцу, другая гадуе бязладдзе. Першая жыве ў слоўніку, другая прапануе невымоўнае. Праблема ў тым, што гэтыя стратэгіі не ведаюць, што рабіць адна з адной, і не складаюцца ў агульны працэс.
Гэтак, паўстае чарговы разрыў беларускага культурніцкага поля: у дадатак да падзелу спачатку на праўладных і незалежных, а далей яшчэ на тых, хто выехаў і застаўся, адбываецца раскол на культурніцкую бюракратыю і культурніцкіх актывістаў. І адпаведна надыходзяць новыя формы канкурэнтнага ўзаемадзеяння ўжо ў самых пазначаных колах: барацьба за размеркаванне рэсурсаў паміж рознымі кланамі культурніцкай бюракратыі ды змаганне за сродкі, аўдыторыю і пляцоўкі сярод культурніцкіх дзеячаў.

Калі дадаць да агульнай карціны яшчэ і актыўную прысутнасць лакальнага ды глабальнага замежнага культурніцкага кантэксту і кантэнту (куды “намадам белкульту” даводзіцца паглыбляцца проста з нагоды свайго “мігранцкага” статусу), вынікі атрымліваюцца даволі няпростымі: беларускае культурніцкае поле пакуль тыражуе не новую еднасць, а новы ўзровень раз’яднанасці.

Паспяховыя праекты міжнароднага ўзроўню — кшталту апошніх працаў Свабоднага тэатру альбо аднаўлення ў выгнанні працы выдавецтва “Янушкевіч” — выглядаюць хутчэй выключэннямі. Разавымі перамогамі адзінкавых “канвертаваных” беларусаў. Новая Беларусь сама сябе бачыць слаба. Што і як казаць аўдыторыі за межамі зразумелых сваіх, большасці творцаў дасюль няясна. “Неакрэслены стан, незавершаны лад” (Анемпадыстаў), у якім застаецца беларуская грамада ў краіне і за мяжою, вызначаецца збольшага банальнасцю арт-менеджменту, крызісам экспертнай справы, агульнаю няўцямнасцю наратываў, стылістычнай інерцыяй. І як вынік — відавочнаю расцярушанасцю таго, што хацелася б лічыць новым культурніцкім парадкам.

Відавочна адно: праз чыстае адміністраванне — хай сабе і еўрапейскага ўзору — сітуацыя не выпраўляецца. Патрэбны якасны сістэмны перазапуск беларускага крэатыву. Альбо канчатковы сыход у “эмігранцкі шансон” і патаемную партызанскую барацьбу.