Беларуская культура: тэатр (травень – жнівень 2022 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
Беларускі тэатр: бляклае лета
Асноўныя трэнды сезону:
Беларускі тэатр: бляклае лета
Асноўныя трэнды сезону:
  • дзяржаўная палітыка, якая паслядоўна рэалізуецца пасля 2020 года, прывяла да амаль поўнай забароны ў краіне прыватнага тэатру. Зверху навязаная новая іерархічная сістэма, пры якой прыярытэт аддаецца правераным назвам і тэмам;
  • правядзенне гэтай палітыкі, а таксама падтрыманне Беларуссю расійскай агрэсіі ў дачыненні Украіны прывялі да міжнароднай ізаляцыі айчыннага тэатру і з’яўлення жалезнай заслоны, якая мае двухбаковы характар;
  • альтэрнатыўнаю магчымасцю развіцця сталася эміграцыя ды развіццё калектываў за межамі Беларусі. Апошнія сутыкаюцца з праблемамі менеджменту і з адсутнасцю рэжысёра-лідара з выразнаю мастацкаю праграмаю;
  • прапанаваная ўладамі новая, “раўнадолевая” схема фінансавання беларускіх тэатраў сведчыць пра крызіс у эканоміцы ды адначасова пра неразуменне культуры і культурніцкай палітыкі.
Фестывалі як люстэрка культурніцкага крызісу
Фестывалі як люстэрка культурніцкага крызісу
Да 2020 года ў Беларусі склалася свая сціплая геаграфія фестывальнага руху.
У Мінску праходзіў “Тэарт”, які дазваляў беларусам ужывую глядзець спектаклі сусветных топ-рэжысёраў. У Магілёве ладзіўся “М@rt.кантакт”, які рабіў стаўку на моладзевы эксперымент. У Брэсце – “Белая вежа”, якая больш вызнавала акадэмізм ды імкнулася пашыраць тэатральную геаграфію. У Бабруйску праз год ладзіўся Фестываль нацыянальнай драматургіі, які ўяўляў сабой агляд айчынных спектакляў. У Гомлі праходзілі Славянскія тэатральныя сустрэчы, вакол якіх гуртаваліся мясцовы драмтэатр, калектывы з расійскага Бранску і ўкраінскага Чарнігава (форумы, які ладзіць Оперны, вынесем за дужкі: на іх пераважна запрашалі замежных салістаў, але не спектаклі).

Напад Расіі на Украіну паставіў кропку на славянскім братэрстве, а таксама на гомельскім фестывалі (прынамсі ў ранейшым фармаце). Пасля прысуду Віктару Бабарыку “Белгазпрамбанк” перастаў спансараваць “Тэарт”. Да фестываляў, што засталіся на тэатральнай мапе, нечакана далучыўся гродзенскі форум “Лялькі над Нёмнам”, які рэінкарнаваўся пасля васьмігадовай паўзы. Агулам іх засталося чатыры – мізер на 10-мільённую краіну.

Праграму трох з іх, што пройдуць увосень (магілёўскі адбываецца ў сакавіку) агучылі якраз у гэтым годзе ўлетку.

Афішы ўсіх чатырох форумаў яскрава сведчаць пра міжнародную ізаляцыю беларускага тэатру (гаворка пра калектывы, што засталіся ў Беларусі). Сёлета ў праграме гродзенскага і магілёўскага фестываляў – толькі спектаклі з Беларусі і Расіі, бабруйскага (згодна з канцэпцыяй) – выключна айчынныя пастаноўкі. У выніку толькі ў Брэсце ў афішу трапілі пастаноўкі з асобных краінаў СНД. Толькі тры спектаклі, прэзентаваныя ў праграме, выпушчаныя па-за яе межамі (яшчэ два – прадукцыя дацка-расійскага тэатру).
Гэта набліжае колькасць такой прадукцыі амаль да нуля.
Новыя бар’еры: канец прывату, бывай – гастролям
Новыя бар’еры: канец прывату, бывай – гастролям
Канстатуем з’яўленне тэатральнай жалезнай заслоны, якая мае двухбаковы характар. З аднаго боку, рэзка знізіўся агульны ўзровень беларускіх фестываляў. Адзінкі са спектакляў ёсць сапраўднымі падзеямі. У гродзенскай праграме – расійская пастаноўка “Пярэсты сабака, які бяжыць краем мора” (у 2021-м яна атрымала “Залатую маску”, самую прэстыжную расійскую тэатральную прэмію, за найлепшую працу мастака і намінавалася як “Найлепшы спектакль”). З беларускіх – “Пачупкі” Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (РТБД), паказанага ў Брэсце, і г. д. Між тым да 2020 года на форумы – асабліва на “Тэарт” і ў Магілёў – рэгулярна прывозілі зорныя пастаноўкі з суседніх краінаў.

Агулам сярод гасцей сустракаліся калектывы, якія гадамі не праяўлялі сябе ў фестывальным руху (кшталту тэатру лялек з Чувашыі, які запрасілі ў Брэст), а таксама спектаклі-пенсіянеры: у праграме бабруйскага форуму “Чорная панна Нясвіжу” Купалаўскага тэатру (прэм’ера 2000 года) і нават “Тэатр купца Япішкіна” Тэатру-студыі кінаактора (1993), хоць такія форумы мусяць дэманстраваць апошнія навінкі.

З другога боку, нешматлікія гастролі беларускіх калектываў зведзеныя да мінімуму, і ў гэтым яшчэ адна праява тэатральнай жалезнай заслоны. Адкрытая хіба толькі ўсходняя мяжа. Але і там айчынныя пастаноўкі пераважна прывозяць у фармаце Дзён беларускай культуры (кшталту паказу двух спектакляў Купалаўскага – “Паўлінкі” і “Вяселля” – у Маскве ў чэрвені гэтага года).

Гастролі – рэдкасць. Калі і адбываюцца, дык пераважна ў расійскай правінцыі (напрыклад, улетку гэтага года Музычны тэатр ездзіў у расійскія Курск, Белгарад, Тулу, Калугу ды Іванава).

Не дзіва, што ў калектывах, якія раней рэгулярна выязджалі за мяжу, адбываюцца імклівыя кадравыя змены. Напрыклад, за гэтае лета балетная трупа Опернага абнавілася на чвэрць. Хоць сваю ролю, безумоўна, маглі адыграць кадравыя чысткі, а таксама нязгода са стылем кіравання новага дырэктара – Кацярыны Дулавай.
Змена іерархіі: вымушаныя зрухі
Змена іерархіі: вымушаныя зрухі
Праграма беларускага блоку фестываляў засведчыла і пра змяненне іерархічнай сістэмы беларускіх тэатраў, навязанае зверху. Да 2020 года ва ўмоўным першым эшалоне была прадукцыя прыватных тэатраў і пляцовак. А таксама пастаноўкі найлепшых беларускіх рэжысёраў, якія ставіліся ў розных дзяржаўных тэатрах.

На прыватным тэатры ў Беларусі паставілі крыж: “АРТ Карпарэйшн” закрылі, “Ок16” забралі. Агулам гастрольныя пасведчанні, абавязковыя для паказаў, з прыватнікаў атрымліваюць толькі “ТрыТэФармат” (праект Веры Паляковай, жонкі міністра замежных справаў Уладзіміра Макея) і Камерны драматычны тэатр (праект Наталлі Башавай).

З рэжысёраў – лідараў свайго пакалення ў Беларусі застаўся Яўген Карняг. Юра Дзівакоў цяпер працуе на Захадзе. Аляксандр Янушкевіч і Ігар Казакоў – на Усходзе.

У выніку на першы план выйшла прадукцыя іншых калектываў. Сёлета ў праграму фестываляў трапілі Моладзевы тэатр эстрады, Тэатр-студыя кінаактора, Музычны тэатр, якія ніколі не бралі ўдзелу ў фестывальным руху і здаўна арыентаваліся на масавую аўдыторыю. Прыярытэт стаў аддавацца правераным назвам і тэмам.

На фестывалі ў Брэст і Бабруйск запрасілі пастаноўку “Альпы. Сорак першы” Тэатру юнага гледача, якога цягам дзесяцігоддзя не запрашалі на айчынныя форумы. Але тэма Вялікай Айчыннай вайны цяпер у трэндзе, таму ў той жа Бабруйск едзе і “Альпійская балада” РТБД. Агульны павярхоўны ўзровень нікога не бянтэжыць: з праграмы нават выкінулі “Шлюб з ветрам” – адну з найлепшых пастановак апошніх гадоў усё таго ж РТБД (спектакль заявілі ў праграму 2021-га, але потым форум перанеслі на гэты год).
Новыя “народныя”, ціхія “заслужаныя”
Новыя “народныя”, ціхія “заслужаныя”
Можна з упэўненасцю прагназаваць, што пастаноўкі паводле Быкава стануць аднымі з фаварытаў чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Гэта стане адною з праяваў абясцэньвання ўзнагародаў, якая імкліва адбываецца цяпер. Гаворка як пра фестывалі, так і тэатральныя званні, атрыманне якіх становіцца праяваю дадатковай лаяльнасці.

Гэтым летам і ў пачатку восені імі ўзнагароджвалі актораў, якіх можна аднесці да дзвюх катэгорыяў.

Тыя, хто ніяк не дэманстраваў сваёй пазіцыі апошнія гады – танцор Опернага Антон Краўчанка і спявачка Музычнага Маргарыта Александровіч, якія сталіся народнымі.

А таксама тыя, хто, наадварот, выказваў яе актыўна. Руслан Чарнецкі з Горкаўскага быў вядоўцам форуму “За Беларусь” – і стаў заслужаным артыстам, Тамара Міронава – народнай. Апошняя адназначна заслугоўвае гэтага звання, але – (не) выпадкова яна атрымала яго, калі засталася ў Купалаўскім. Між тым да некаторых айчынных калектываў званні не даходзяць дзесяцігоддзе (напрыклад, Тэатр лялек або той жа Музычны: да ўзнагароды Александровіч мела месца надзвычай працяглая паўза).
Праблемы замежжа: выбар менеджменту, адсутнасць лідараў
Праблемы замежжа: выбар менеджменту, адсутнасць лідараў
Альтэрнатывай айчыннаму дзяржаўнаму тэатру стала праца за мяжою. Пакінем за дужкамі працу таленавітых адзіночак (напрыклад, акторкі і рэжысёркі Паліны Дабравольскай) і звернемся да калектываў, якія з’ехалі з Беларусі. Гаворка пра трупы Свабоднага тэатру, “Купалаўцаў”, Тэатру жніўня і Team Theatre

Аналагічныя калектывы традыцыйна сутыкаюцца з адарванасцю ад сталай аўдыторыі, неабходнасцю працаваць у іншым моўным асяроддзі, рабіць выбар паміж онлайн і офлайн-праектамі. Першыя даюць сувязь з беларускай аўдыторыяй, але іх мінус – адсутнасць жывой рэакцыі на спектакль, да якога прызвычайваюцца акторы. Плюс другіх – прысутнасць такой рэакцыі ды адчуванне сцэны, але адначасова праблема з напаўняльнасцю залы (за мяжой асабліва адчуваецца, што тэатр як мастацтва элітарнае ніколі не быў масавым).

Згаданыя калектывы развязалі гэтыя праблемы па-свойму.

Найбольш удала – Свабодны, які выпусціў у сакавіку 2022-га “Сабакаў Еўропы” паводле аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча. Стваральнікі перанеслі пастаноўку, упершыню ўвасобленую ў Мінску яшчэ ў 2020-м, на лонданскую сцэну. З Беларусі яна ўспрымалася як тыповы беларускі эксперыментальны спектакль са сваймі плюсамі і мінусамі. Які застаўся ў сваім часе і не дацягвае да ўзроўню першакрыніцы. Але ў Вялікай Брытаніі “Сабакі” сабралі добрую мясцовую прэсу.

На снежань запланавалі паказ у фармаце парыжскага фестывалю Festival d'Automne à Paris. У плане менеджменту і прасоўвання сваёй прадукцыі Свабодны не мае ў Беларусі сабе роўных.
“Купалаўцы” сутыкнуліся з дзвюма праблемамі. З абмежаванасцю рэсурсаў у сферы сістэмнага менеджменту: трупа, на жаль, не здолела напоўніцу выкарыстаць свайго іміджу ды аўры ад выбару, зробленага ў 2020-м. А таксама з адсутнасцю рэжысёра-лідара з выразнаю мастацкаю праграмаю. Пасля сыходу Рамана Падалякі, які ажыццявіў некалькі пастановак у мінулым сезоне, месца выглядае вакантным.

Чарговы досвед супрацы з Мікалаем Пінігіным (“Запіскі афіцэра Чырвонай арміі”) і палякам Паўлам Пасіні (“Дзяды”) прывялі да выпуску дастаткова просталінейных спектакляў з занадта лабавымі мэсіджамі, якія апелююць да асветніцкага досведу Купалаўскага тэатру 2010-х. Пры вернасці эстэтыцы мінулага “Купалаўцам” будзе цяжка ўбудавацца ў еўрапейскую тэатральную сістэму: месца палітычнага тэатру ўжо занятае Свабодным.

Іншы шлях выбрала частка гродзенскіх актораў, якія аб’ядналіся вакол лідара – рэжысёра Андруса Даралы – пад назваю “Тэатр жніўня”. Тры іх пастаноўкі – асветніцкі праект “За што?”, прысвечаны памяці расстраляных паэтаў, спектаклі “Трэцяя змена” і “Спектакль, які не адбыўся” – атрымалі прапіску ў Віленскім старым тэатры Літвы. Акторы маюць магчымасць выступаць на яго пляцоўцы, трапляць у яго афішу, гастраляваць і наагул развівацца ў структуры дзяржаўнага рэпертуарнага тэатру, што часткова перакладае пытанні менеджменту на Віленскі стары. І дае Тэатру жніўня шанец для развіцця.

Сваю нішу заняў Team Theatre, які з Гомля перабазаваўся ў Варшаву ды імкнецца працягнуць працу з імерсіўным тэатрам.
Фінансаванне: новая схема
Фінансаванне: новая схема
Гэтым летам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка анансаваў новую схему фінансавання беларускіх тэатраў, якую назваў раўнадолевай. Пры гэтым ён спаслаўся на ранейшае выказванне Аляксандра Лукашэнкі. У лютым 2021-га апошні сфармуляваў яе так: “Зарабілі два мільёны долараў – два мільёны долараў дадалі бюджэтных. Пяць зарабілі – пяць дадамо”.

Ува ўсім свеце з пэўнымі карэкцыямі існуе адна мадэль фінансавання тэатраў. Прыбыткі складаюцца з трох складнікаў: прыкладна траціну дае дзяржава, траціну – спонсары, і траціну тэатр зарабляе сам. Перад 2020 годам беларускія тэатры здолелі забяспечыць траціну прыбыткаў. Паводле экс-працаўніцы Міністэрства культуры Наталлі Задзяркоўскай, у 2017–2019 гадах удзельная вага пазабюджэту ў буйных рэспубліканскіх тэатраў дасягала 34 %. У абласных – да 37 %. Але, дадамо ад сябе, такія лічбы дасягаліся жорсткім выкананнем плану, неабходнасцю паказваць вялікую колькасць забаўляльнай прадукцыі, якая не давала развівацца калектывам і акторам.

Прапанова Галоўчанкі выглядае лагічна з гледзішча эканомікі, якая перажывае не найлепшы час. Але чыноўнікі думаюць, што культура – такая ж справа, як прамысловасць або сельская гаспадарка. Пры вылучэнні грошай можна чакаць адпаведнае павелічэнне прыбыткаў. Але гэтая сфера не працуе паводле гэткіх законаў. Што сведчыць пра неразуменне культуры і культурніцкай палітыкі.
Куды рушыць тэатр
Куды рушыць тэатр
У сучасных беларускіх умовах тэатры не могуць самастойна, без адміністрацыйнага рэсурсу прыцягнуць спонсараў, каб тыя забяспечылі траціну прыбыткаў. А таксама фізічна не могуць павялічыць колькасці пазабюджэту, бо дасягнулі столі.

Пакуль словы Галоўчанкі – толькі дэкларацыя пра намеры, яна не рэалізаваная на практыцы. Але ў выпадку яе рэалізацыі айчынны тэатр чакае яшчэ большае, у параўнанні з цяперашнім часам, паглыбленне ў крызіс.