У канцы лютага 2022 года паскорыўся выцек мазгоў з Беларусі. Калі ў 2020–21 гадах выезд сярэдняга класу ды інтэлектуалаў насіў, хутчэй, індывідуальна-змушаны характар, то з выбухам новай агрэсіі Расіі ва Украіне пераезд зрабіўся маштабна сістэмны, крокам на апярэджанне. У 2021-м праз пагрозу турмы пакрысе выехалі НДА і незалежныя выданні, у 2022-м перад тварам поўнай эканамічнай блакады, звязанай са статусам Беларусі як краіны-суагрэсара, імкліва высяляюцца IT-структуры.
Што на гэтым фоне адбываецца з літаратарамі і выдаўцамі?
Адметна, што мы не можам заяўляць пра масавы ад’езд з Беларусі пісьменнікаў як цэху. Рэлакацыя аўтараў, таемная ці яўная, адбываецца, хутчэй, праз жыццёвыя абставіны, чымся праз немагчымасць ствараць. Гэта вынікае з характару найноўшых (2020–22) рэпрэсіяў.
Нягледзячы на актыўны пераслед асобаў культуры (
699 выпадкаў за студзень – чэрвень 2022 года;
98 дзеячаў культуры ў чэрвені 2022-га былі ў ліку 1236 палітзняволеных), наўпрост за творчасць не цярпяць. Прычына атак – грамадзянская пазіцыя, выхад на пратэсты ў 2020-м. Але ёсць адметнае выключэнне – цкаванне літаратурных сэлэбрыці. Тыя адзінкі, хто можа прэтэндаваць на ўплыў, супастаўны з тэлезоркамі ці спартоўцамі, падлягаюць сімвалічным і фізічным чысткам у Беларусі.
“Экстрэмісцкімі” прызналі кніжны праект “Беларуская нацыянальная ідэя”, (зборнік гутарак з публічнымі асобамі, якія зрабілі для “Еўрарадыё” Максім Гаруноў і Зміцер Лукашук) і раман Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”. Выдавец Андрэй Янушкевіч, які за апошнія гады задаваў тон кніжнага жыцця Беларусі, трапіў на месяц у турму пасля таго, як
паспрабаваў адкрыць у цэнтры Мінску кнігарню. У канцы жніўня 2022 года пасля званка журналістаў у Мінкульт
стала вядома аб “правяранні на экстрэмізм” кніг Святланы Алексіевіч.
Апроч вышэй згаданых – Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева, Вольга Шпарага: вядомыя аўтаркі ды аўтары, якія апрылюднілі факт свайго выгнання. Публічны статус уцекачоў ад рэжыму дае ім магчымасць выказвацца пра беларускія падзеі ў блогах, на
YouTube-каналах, у медыях, на міжнародных кангрэсах і фестывалях, выдаваць кнігі на еўрапейскіх мовах, адвакатуючы Беларусь і нагадваючы пра айчынную літаратуру ў час, калі падзеі ў нашай краіне амаль зніклі з сусветнага парадку. Гэтак, відавочна, што ўлетку 2022-га важнаю місіяй літаратараў, якія захавалі голас, было
тлумачыць у свеце розніцу паміж беларускім народам і рэжымам Лукашэнкі.