Беларуская культура: агляд (травень – жнівень 2022 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ТРАВЕНЬ – ЖНІВЕНЬ 2022 Г.)
Агульная сітуацыя
Агульная сітуацыя
Наяўны стан беларускай культуры вызначаецца яе геаграфічнаю, палітычнаю, ментальнай і стылістычнаю разарванасцю.

Нават раней, у час адноснай стабільнасці, казаць пра нейкую адзіную культуру можна было толькі ўмоўна. Цяпер – у сітуацыі зацяжнога палітычнага крызісу, расійскай інтэрвенцыі, культурніцкага тэрору ды аварыйнай міграцыі – гэтая ўмоўнасць толькі абвастраецца. Раз’яднанасць культурніцкага рушыць суразмерна разарванасці палітычнага і сацыяльнага.
Дзяржаўныя мадэлі сервільнага культурніцкага крэатыву давялі сваю татальную творчую бездапаможнасць яшчэ ў пачатку нашага крызісу – як на ўзроўні агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі, так і падчас разгортвання палявання на “неймаверных”. Стан агульнай стагнацыі і дэманстратыўнай другаснасці, арганічны для культуры аўтарытарнага грамадства, дазваляе ў нашым аглядзе засяродзіцца пераважна на падзеях і асобах не залежнага ад дзяржавы сектару белкульту.

Маем неакрэслены стан з невідавочнымі вынікамі. Ранейшыя патэрны культурніцкай камунікацыі ды крэатыўных альянсаў аказаліся расцярушанымі і нягеглымі. Новых пакуль не відаць. Фактычна адбываецца пашыраная вытворчасць разрываў і прабелаў. Замест агульных матрыцаў нацыянальнай культурнасці маем паскораную атамізацыю культурніцкага поля. Падзяленне яго на асобныя праекты і прыватныя зоны ўплыву.
Адпаведна падвышаецца градус барацьбы за рэсурсы і мэтанакіраваная праектная канкурэнцыя.

Адзіная на ўсіх сітуацыя разбурэння канвенцыяў ды камунікацыяў (як у краіне, так і ў міжнародных кантактах) стварыла для творцаў і культменеджараў праблемнае культурніцкае асяроддзе, пазбаўленае ранейшага камфортнага статусу альтэрнатывы на датацыях айчынных мецэнатаў і замежных донараў.

Як новая тэрыторыя глабальнай культуры сустрэла беларускі незалежны крэатыў? З аднаго боку, творчыя супольнасці і праекты з асяроддзя былой беларускай “нутраной Еўропы”, апынуўшыся за мяжой і аднавіўшы еўрапейскія кантакты, атрымалі відавочны штуршок для росту. Ператварыліся ў незалежныя амбасады культуры. З другога боку, шмат што, прыдатнае ва ўмовах лакальнага спажывання, аказалася нежыццяздольным у больш шырокім кантэксце. Адбываецца натуральная селекцыя, няпростыя практыкаванні ў культурніцкай адаптацыі – выхад у іншыя вымярэнні альбо пераход у стан “нішавага” артыста. Збольшага спрацоўвае інерцыйная творчасць “для сваіх” – новы стары эмігранцкі стайл. Куплеты, фельетоны, стэндап. Хатнія напрацоўкі без якаснага росту.

Зацягнуты творчы крызіс культуры ў выгнанні – а шмат хто са з’ехалых разлічваў на кароткатэрміновую вандроўку і хуткае вяртанне – апошнім часам востра ставіць пытанне пра канцэптуальную ды стылістычную перазагрузку і пошук працоўных схемаў актуальнага існавання.

Тое, што можна назіраць у межах новай беларускай культурніцкай мабільнасці, пазбаўленае агульных арыенціраў і ўцямных мадэляў росту. І выглядае хаатычнымі пошукамі культурніцкай прапіскі ў свеце, які нас не надта хоча. Пакуль пераважаюць спробы прадаць публіцы пазаўчарашнюю беларускую міфалогію – 2020, сторыз пратэстаў і пакутаў. Якія сваім базавым паходжаннем у якасці медыйных эфектаў не падлягаюць доўгатэрміноваму карыстанню. У гэтым раскладзе няма будучыні. Ёсць, у найлепшым выпадку, гераічнае мінулае.

Прынцыповая недабудаванасць беларускага культурніцкага праекту непазбежна стварае “недапечаных” аўтараў, недадуманыя падзеі і недасканалыя тэксты. Іншага ад нашага валізкавага крэатыву і канспіратыўнага андэграўнду чакаць пакуль не выпадае. Канкурэнтаздольнасць у глабальным гіпермаркеце – мэта на заўтра.

А пакуль мы ўсе – незавершаная нацыя. Нашая рэвалюцыйнасць made in 2020 – прыгожы эпізод, які дасюль не пайшоў далей, у сюжэтна паслядоўны ланцуг падзеяў. З іншага боку, шчыруе таталітарная дэструкцыя грамадства. Таксама незавершаная.

Альтэрнатыўны сюжэт яшчэ не склаўся. Таму на сёння гучым пераважна ў фармаце аўтацытавання. Альбо навобмацак працуем на перспектыву: праектуем культуру для лепшай краіны, якой пакуль няма.

Белкульт пераходнага перыяду – досвед самавызначэння ды апгрэйду. Час мазаічнасці. Эпоха асобных клубаў і гурткоў, дасюль не з’яднаных у агульны пазл. Які яшчэ трэба скласці.
Вось чаму нашая тэма на сёння (ды і заўтра) – трансфармацыі культурніцкага поля, зрухі сэнсаў, актуальныя трэнды, стваральнікі новых вобразаў і тэндэнцыяў. Тыя, хто ломіць спарахнелыя шаблоны. І пашырае вагу ды ўплыў актуальнага белкульту.

А таксама варта зразумець, што не спрацоўвае. І як з гэтым жыць.