Падводзіць музычныя вынікі года было складана, бо частка якасных рэлізаў не трапіла ў інфармацыйную прастору: пошук, сістэматызацыя, ацэнка – усе гэтыя складнікі цяпер у зоне адказнасці юзэра, які хоча паглыбіцца ў беларускі музычны кантэкст.
Дыгерства зноў у трэндзе, але цяпер гэта і адзіны арыенцір для неафіта. Вось некалькі альбомаў канца мінулага года, якія варта вылучыць у фармаце “Best of the 2022”.
ske.in
“Rove” – альбом як сімвал бясконцага падарожжа. Пярэсты і манахромны адначасова, прыгожы і сумны, блізкі і далёкі – выдатны эмбіент з нацыянальным каларытам.
“Приём!” – Бенька разам з Галяю Чыкіс запісалі магутны альбом-рэфлексію. Ніколі лірыка Святланы Бень не была настолькі моцнай і вобразнай, а музычны складнік стаў лепш суіснаваць з тэкставым з часу багемнай “Серебряной свадьбы”.
Па выніках года варта адзначыць і гурт “Союз” з рэлізам
“Сила ветра”: мінскае трыа запісала вельмі цёплы і ўтульны альбом-рэспект лацінаамерыканскай музыцы 1970-х. Гэта гучыць вельмі незвычайна для ўсходнееўрапейскай традыцыі, але і вельмі прыгожа.
Да гэтага спісу можна дадаць імёны, якія ўвогуле не трапілі ў топы і рэйтынгі, але вартыя згадкі.
Найперш Name Killer Birchenson
“Variablrs” – разняволены і багаты на яскравыя мелодыі і нестандартныя музычныя хады мікс мідўэст-эма, мат-року і панку па-беларуску. А да таго Sož
“Apošnija tancory” – міні-альбом змрочнага і манатоннага пост-панку з экзістэнцыйнаю лірыкаю.
Цікава, што ўжо ў гэтым годзе цягам студзеня выйшла багата якаснага матэрыялу, з якога можна складаць асобны рэйтынг.
У першую чаргу гэта альбом гурта Syndrom samazvanca, створаны з аскепкаў досведу сусветнай музыкі. Але музыкі не гуляюцца з імі, а ствараюць уласны пазл з арт-року, псіхадэлікі і краўту, аздоблены харызматычнымі і трапнымі тэкстамі Уладзя Лянкевіча: часам з намі праз лірыку альбому
“Vostraŭ skarhaŭ” размаўляе Бахарэвіч, а часам – таварыш маёр.
Ці яшчэ адзін цікавы альбом –
“Пап” ад гурта “Чёрточка”. Гэта атмасферныя тэксты і калючы, няўтульны саўнд, каб падкрэсліць настрой. Тут паўстаюць цені змрочнага гораду, балючыя інтравертныя маналогі, метафізічная лірыка – усё разам працуе выдатна.
Адзначым: абодва альбомы запісалі музыкі, якія жывуць і працуюць у Беларусі, і гэта цудоўная ілюстрацыя жыццяздольнасці беларускай музыкі ды ўмення адаптавацца да ўмоваў татальнай забароны.
Дзве паралельныя рэчаіснасці: музыка па-за межамі Беларусі жыве ў live-рэжыме, музыка ў Беларусі – у студыйным фармаце. Каб сабраць паўнавартасную карціну музычнага жыцця, трэба добра разбірацца ў пазлах на тысячу аскепкаў і болей.