Беларуская культура: тэатр (лістапад – студзень 2023 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: ТЭАТР (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
Беларускі тэатр: назад у мінулае
Асноўныя трэнды сезону:
Беларускі тэатр: назад у мінулае
Асноўныя трэнды сезону:
  • У беларускай тэатральнай прасторы трываюць рэпрэсіі: звальненні або адхіленне ад працы творцаў, закрыццё незалежных пляцовак, змена дырэктарскага корпусу. Публічная матывацыя ў такіх рашэннях адсутнічае, нават публічная лаяльнасць не гарантуе захавання працоўнага месца.
  • У дзяржаўнай палітыцы назіраецца няўхільнае вяртанне ў мінулае – як у простым сэнсе (узнагароджванне на бабруйскім фестывалі спектакляў, пастаўленых некалькі дзесяцігоддзяў таму), гэтак і ў пераносным. Сярод апошняга – ігнараванне аўтарскага права, калісьці таксама ўласцівае СССР, і паказы падпольных спектакляў.
  • Культура ўвогуле і тэатр у прыватнасці працягваюць займаць другараднае значэнне ў сістэме каштоўнасцяў беларускай дзяржавы: на 2023 год на культуру выдаткавалі ўсяго 0,5% бюджэту.
  • Адно з найбольш дыскусійных і спрэчных пытанняў у беларускай тэатральнай прасторы – праца айчынных творцаў у расійскай культурніцкай індустрыі падчас вайны.
  • Айчынныя калектывы за мяжою ладзяць новыя прэм’еры. Team theatre сфармаваў рэпертуар з чатырох спектакляў. “Купалаўцы” сваёй пастаноўкаю “Рамантычнасць” у пэўнай ступені вярнуліся да традыцыяў старога, дарэвалюцыйнага Купалаўскага, што ўспрымаецца як частка рэтраперазагрузкі калектыву.
Звальненні і змена дырэктарскага корпусу
Звальненні і змена дырэктарскага корпусу
“У тэатральнай сферы працягваюцца звальненні”. Тыповая фраза, якая, аднак, рызыкуе стаць звыклаю цягам найбліжэйшых аглядаў. Гэтым разам пасаду страціў загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатру Сяргей Чыгрын, які адпрацаваў у калектыве 32 гады.

Адхілілі ад працы дырыжора Алега Лесуна. Ён ужо чацвёрты маэстра, які не можа весці спектакляў у Оперным. Дасюль звольнілі Вячаслава Чарнуху-Воліча, потым Андрэя Галанава ды Івана Касцяхіна. Дарэчы, першы з іх разам з калектывам Адэскага тэатру оперы і балету (Чарнуха-Воліч – галоўны дырыжор гэтага калектыву) атрымаў оперны “Оскар” – прэмію International Opera Awards. Падстава – паказ спектакляў і нават рыхтаванне прэм'еры ва ўмовах вайны. Гэта ўзнагарода найлепш паказвае, якога ўзроўню прафесіянала страціў беларускі тэатр.

Кадравыя змены закранулі і кіраўнікоў: у шэрагу калектываў змяніліся дырэктары. У мінулым аглядзе мы згадвалі сыход Яўгена Клімакова, харызматычнага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек. У снежні стала вядома, што да яго далучыцца дырэктарка Гомельскага моладзевага тэатру Алена Маставенка, якая ўзначальвала калектыў з 2017 года – ёй не працягнулі кантракту.

За гэты час Алена зрабіла тэатр заўважным у Беларусі, пры ёй у калектыве ставілі рэжысёры Юра Дзівакоў і Віталь Краўчанка (апошні пэўны час працаваў тут мастацкім кіраўніком пасля вымушанага сыходу з Купалаўскага). Рэпертуар быў небанальны і адрозніваўся ад шэрагу іншых рэгіянальных тэатраў: у Гомлі былі прэзентаваныя спектаклі паводле п’есаў вядомага ірландскага драматурга Марціна МакДона і ягонага калегі з Нямеччыны Мар’юса фон Маенбурга.

Змяніўся дырэктар і ў мінскім Новым драматычным тэатры. Праўда, сумаваць не выпадае. З 1998 года на гэтай пасадзе быў Васіль Марцецкі. Менавіта ён у свой час забараняў спектакль Юры Дзівакова “Клоп”. Звальняў актораў і працаўнікоў тэатру (усяго 15 чалавек), якія спрабавалі баставаць у 2020-м. Але пасля звальнення ягонае прозвішча імгненна знікла з сайту калектыву: не засталося ніводнай згадкі.

Новым дырэктарам стаўся Руслан Сафонаў, які ўзначальваў Магілёўскі музычны каледж імя Рымскага-Корсакава.

Яшчэ адна змена дырэктара сталася вымушанай. Прычына – смерць дырэктара мінскага Моладзевага тэатру Віктара Старавойтава. На пасадзе быў з 1999 года. За гэты час тэатр ператварыўся ў пляцоўку для амаль бесперапыннага паказу камедыяў, калі цяжка было знайсці розніцу паміж дзяржаўным калектывам і антрэпрызаю.

Адначасова ў Мінску стала яшчэ менш пляцовак. У канцы года закрыўся Hide, дзе да 2020-га ўключана паказвалі незалежныя спектаклі (напрыклад, “Застацца нельга з’ехаць” рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага). Працягваецца эпапея з культаваю пляцоўкаю Ok16. Яе выставілі на продаж – папярэдняя інфармацыя пра адкрыццё супермаркету не спраўдзілася. Але гандляванні не адбыліся, таму будучыня Ok16, як, зрэшты, і незалежнага тэатру ў самой Беларусі, застаецца невядомаю
Вяртанне ў мінулае – у 1990-я і СССР
Вяртанне ў мінулае – у 1990-я і СССР
Месца беларускага тэатру ў часе выразна акрэсліваюць вынікі чарговага фестывалю беларускай драматургіі, які падвялі ў Бабруйску. Пераможцам у намінацыі “Найлепшая сцэнаграфія” стаў Барыс Герлаван за пастаноўку “Чорная панна Нясвіжу”. Твор славутага мастака, вядома, варты ўвагі, вось толькі паставілі спектакль у 2000 годзе. На тым жа фестывалі актор Аляксандр Кашпераў атрымаў спецдыплом за ролю купца Япішкіна. Аднак прэм'ера “Тэатру купца Япішкіна” ў Тэатры-студыі кінаактора адбылася яшчэ раней, у 1993-м.

Такія афіцыйныя вынікі яскрава сведчаць пра агульную скіраванасць у мінулае.
Іншыя прызы аказаліся прадвызначанымі. У адным з мінулых аглядаў мы пісалі: “Можна з упэўненасцю прагназаваць, што пастаноўкі паводле Быкава стануць аднымі з фаварытаў чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Гэта стане адною з праяваў абясцэньвання ўзнагародаў, якая імкліва адбываецца цяпер”. У якасці прыкладу прыводзіўся спектакль “Альпы. Сорак першы” паводле “Альпійскай балады” Васіля Быкава. Яго паставіла ў Тэатры юнага гледача Таццяна Самбук. Чакаць Нацпрэміі, якая яшчэ не пачалася, не спатрэбілася: Самбук атрымала ў Бабруйску прыз за найлепшую рэжысуру.

Вяртанне ў мінулае – нават не ў 1990-я, а ў СССР – праявілася і ў падыходзе да аўтарскага права. 6 студзеня з’явіўся Закон аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Ён дазволіў выкарыстоўваць фільмы, музыку, тэле- і радыёпраграмы, праграмнае забеспячэнне з “недружалюбных” краінаў без дазволу праваўладальніка (фактычна пірацкім спосабам). Але ігнараванне аўтарскага права ў сферы тэатру працавала і раней. Перад новым годам Камерны драматычны тэатр пад кіраўніцтвам Наталлі Башавай паказаў спектакль “Гары Потэр і ледзяны крыжраж”. У Еўропе на яго падалі б у суд за выкарыстанне без дазволу назвы і вобразаў у афішы, прымусілі б плаціць штраф. Чакаць гэтага ў Беларусі не выпадае.

Трагедыяй для беларускай культуры сталася заўчасная смерць крытыка Аляксея Стрэльнікава. Тэатральны Дон Кіхот, адзін з рыцараў беларускага тэатру, ён не быў класічным тэатразнаўцам, каго ў большай ступені цікавіў канчатковы вынік: спектакль, яго мастацкае значэнне і месца ў сістэме каардынатаў. Стрэльнікаў быў крытыкам, а яшчэ педагогам, матыватарам, менеджарам, якому падабалася прасоўваць спектаклі і праекты, зводзіць у агульнай прасторы людзей. Без яго айчынны тэатр быў бы іншы.

Застаючыся да сваіх апошніх дзён у Мінску, Стрэльнікаў іграў спектаклі-кватэрнікі. Публічна яны не анансаваліся, бо выступленні без атрымання гастрольных пасведчанняў у Беларусі забароненыя. Застаецца толькі здагадвацца, колькі ладзіцца такіх паказаў. А таксама спадзявацца, што хтосьці з іх удзельнікаў ці стваральнікаў нейкім чынам зафіксуе свае ўражанні. Іначай яны рызыкуюць назаўжды застацца невядомымі.

Агулам жа стаўленне дзяржавы да культуры найбольш праяўляецца ў наступнай лічбе: усяго 0,5 % бюджэту на наступны год складуць выдаткі на культуру. Відавочна, што беларускія тэатры – магчыма, за выключэннем Опернага, – як і мінулымі гадамі, будуць фінансавацца паводле рэшткавага прынцыпу.
Рэтраперазагрузка “Купалаўцаў”
Рэтраперазагрузка “Купалаўцаў”
У лістападзе і снежні працягнулі сваю працу беларускія трупы за мяжою. “Купалаўцы” парадавалі чытаннямі трох п'есаў, а таксама дзвюма прэм'ерамі.

Адною з іх сталася бандыцкая камедыя “Сфагнум” паводле аднайменнага раману Віктара Марціновіча. На падставе гісторыі пра трох бандзюганаў-маладзёнаў, якія вымушаныя залегчы на дно ў адной з беларускіх вёсак, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў ставіць спектакль у рэчышчы псіхалагічнага тэатру (з лёгкімі містычнымі адценнямі). У гэтай пастаноўцы да “Купалаўцаў” пасля пэўнага перапынку вярнуўся актор Аляксандр Казела, які стаўся зоркаю “Сфагнуму”. Створаны ім вобраз Серага – праца найвышэйшага пілатажу. Адно задавальненне назіраць, як актор адыгрывае рэплікі партнёраў, гнуткаю пластыкаю перадае зменлівы характар свайго героя.

Але першаю прэм'ераю была “Рамантычнасць”, якую ўпершыню паказалі офлайн у Варшаве ў кастрычніку 2022-га (онлайн – у наступным месяцы). У ёй адбылося своеасаблівае вяртанне да старога Купалаўскага: гэтая пастаноўка цудоўна ўпісалася б у яго звыклы рэпертуар. Аснова – нацыянальная класіка, якая актуалізуецца і вяртаецца да масавага гледача (гаворка пра творчасць Адама Міцкевіча). Стыльная і – у адрозненне ад папярэдніх – нябедная сцэнаграфія рыфмуецца з пастаноўкамі канца 2010-х. Рэжысёр Мікалай Пінігін стварае стылістычны вытрыманы, лёгкі асветніцкі спектакль.

У 2019-м “Рамантычнасць”, бадай, успрымалася б як трохі прадказальны праект, бо побач буялі эксперыментальныя пастаноўкі. Цяпер уся гэта сфера разбураная. Таму спектакль глядзіцца як кранальнае прывітанне з 2010-х і своеасаблівы сеанс псіхатэрапіі. Менавіта гэтага чакае масавая аўдыторыя, а таксама сталыя купалаўскія гледачы. Праблема можа ўзнікнуць у далёкай перспектыве, бо “Купалаўцы” вяртаюцца ў звыклую сістэму каардынатаў, якой не захочацца змяняць. А таму шанец на перазагрузку, які ўзнік у 2020-м, будзе, магчыма, страчаны.

Такая пастаноўка выглядала як першая цаглінка для рэтраперазагрузкі тэатру і магчымага стварэння сталай пляцоўкі ў Варшаве. Апошняга, аднак, пакуль не адбылося. Як пазней, у пачатку лютага 2023-га, прызнаўся ў інтэрв'ю актор Алег Гарбуз, іхная каманда ўсяго адзін раз адыграла “Сфагнум” (столькі ж – “Дзяды”, адзін з мінулагодніх спектакляў), а пасля прэм'еры апошняга паўтара месяца не мела ні паказаў, ні новых рэпетыцыяў. Адна з прычынаў, бадай, у тым, што “Купалаўцы” гэтак юрыдычна і не зарэгістраваліся ў Польшчы. Як вынік атрымліваем парадокс: маючы сфармаваны рэпертуар і цікавасць гледачоў, “Купалаўцы” не маюць афішы і датаў паказаў.
Ад “How are you?” да “Замовы”
Ад “How are you?” да “Замовы”
Сваю нішу ў айчыннай тэатральнай прасторы заняў Team theatre, які з Гомля перабазаваўся ў Варшаву ды імкнецца працягнуць працу з імерсійным тэатрам. Яго аснову склалі тры сужэнствы: да гомельцаў Андрэя ды Алесі Бардухаевых-Арловых, заснавальнікаў калектыву, далучыліся мінскія акторы, вымушаныя пакінуць дзяржаўныя тэатры: Дар'я і Андрэй Новікі, Марыя Пятровіч і Максім Шышко (апошнія трое – колішнія акторы Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі, Дар'я спявала ў хоры Опернага). Не маючы такога інфармацыйнага падтрымання, як “Купалаўцы”, яны тым не менш стварылі як уласны рэпертуар, гэтак і афішу.

Цягам 2022 года ў іх адбыліся 4 прэм’еры: “How are you?” (у траўні), “Верасовы мёд” (у чэрвені), “Замова” (у лістападзе) і дзіцячы спектакль “Музей Чароўнай Беларусі, ці Шукаем Зюзю разам” (у снежні). Паказы адбываюцца на пляцоўцы мясцовага калектыву “TR Warszawa” і ў згаданым Музеі вольнай Беларусі. Трупа мае сайт, якога, на жаль, чамусьці пакуль не распрацавалі “Купалаўцы”.

Найбольшую цікавасць уяўляюць тры першыя, “дарослыя” спектаклі.

“How are you?” – чытанне п'есы-вэрбатыму Віталя Карабаня, прысвечанай вайне ва Украіне (рэжысёр – Андрэй Новік). У творы – чацвёра герояў: беларус, які ўцёк сюды ад рэпрэсіяў; мясцовы жыхар, які з'язджае з дзяўчынай на захад Украіны; жанчына, якая пакідае ў Вінніцы бабулю і перабіраецца да сястры ў Нямеччыну; расеец, прыхільнік Пуціна і “русского мира”. Першыя два героі перыядычна стасуюцца паміж сабой, але наагул сувязяў паміж астатнімі “спікерамі” амаль няма, перад намі – маналогі, якія ідуць праз разбіўкі.

Тэхналагічна пераключэнні адбываюцца праз лямпы, што па чарзе ўлучаюць героі на сваіх століках – за апошнімі яны стаяць увесь спектакль. Праўда, спачатку акторы ўзаемадзейнічаюць з аўдыторыяй: запускаюць гледачоў у пакой нібыта ўцекачоў, прапаноўваючы ім ваду. Сваю галоўную задачу чытанне выконвае: дапамагае зафіксаваць падзеі, а таксама настроі ды светапогляд тыповых удзельнікаў і ахвяраў канфлікту.

Арыгінал “Верасовага мёду” – балада, напісаная ў канцы ХIХ стагоддзя Робэртам Луісам Стывэнсанам (рэжысёр – Андрэй Бардухаеў-Арол). Невялікі аб’ёмам твор, з 11 васьмірадкоўяў, пераўвасоблены на беларускую мову Усеваладам Сцебуракам, становіцца асноваю для імерсійнага спектаклю. Яго гледачы атрымліваюць спецыяльныя маскі, што закрываюць вочы. Гэта стымулюе ўспрыманне гукаў, пахаў, а таксама цялесных кантактаў: тут і вада, і дым, і адчуванне ўласнаю скураю вяровак, што звязваюць герояў – жыхароў Брытаніі ІХ стагоддзя, якія захоўваюць таямніцу верасовага мёду коштам уласнага жыцця.

З дыстанцыі часу згаданыя два спектаклі ўспрымаюцца як першыя цаглінкі для пабудовы ўласнага рэпертуару. У параўнанні з імі больш тэхнічна складанаю падаецца пастаноўка “Замовы” (аўтар і рэжысёр – Максім Шышко, музыка Мікіты Залатара). Папярэднія спектаклі мелі лінейныя сюжэты, яны больш простыя ва ўспрыманні.

Здавалася б, сюжэт “Замоваў” дастаткова традыцыйны, у нечым гэта тыповы фальклорны спектакль, аснова якога – абрад. Але адначасова гэта візуальна прыгожая, са стыльна падабраным відэашэрагам пастаноўка,
якой да таго ж уласцівыя яркія спевы Дар'і Новік – моцны вакал акторкі напоўніцу выкарыстоўваецца ўва ўсіх трох убачаных спектаклях. Асобныя эпізоды (як элементы абраду са шлюбнымі посцілкамі, а таксама з кальцавымі лямпамі) выглядаюць стыльна і нетрывіяльна. Адчуваецца відавочная спроба Максімам Шышком па-рэжысёрску пераасэнсаваць абрад.
Спрэчны кейс “Залатой маскі”
Спрэчны кейс “Залатой маскі”
У лістападзе 2022 года стаў вядомы спіс намінантаў на “Залатую маску”, самую прэстыжную тэатральную прэмію Расіі. Нягледзячы на адмены спектакляў, што вылучаліся на прэмію, і агулам чорныя спісы, што з’явіліся ў гэтай краіне на прыкладзе Беларусі, альтэрнатывы ёй няма.

Сярод намінантаў сёлета аказаліся беларускія рэжысёры Ігар Казакоў і Аляксандр Янушкевіч, мастакі Таццяна Нерсісян і Зіновій Марголін. “Залатая маска” і раней прыцягвала беларусаў, сярод іх лаўрэатаў былі пералічаныя выбітныя асобы, зоркі айчыннага тэатру ды іхныя праекты, а таксама іншыя творцы (напрыклад, славуты рэжысёр Аляксей Ляляўскі). Але тое было да вайны. Цяпер жа намінацыя на расійскую прэмію раскалола тэатральную супольнасць. Натуральна, адзначаныя спектаклі ствараліся і выпускаліся яшчэ да ўварвання ва Украіну, дый калектывы не запытвалі згоды ў стваральнікаў пастановак. Аднак на пытанне, ці варта працаваць у расійскіх калектывах, адназначнага адказу няма.

Натуральна, галоўны ўдар справядліва прынялі на сябе прадстаўнікі поп-культуры: гаворка пра “Беларускіх песняроў”, якія напярэдадні Новага года засвяціліся ў імпрэзе “Голубой огонёк” з удзелам мясцовых прапагандыстаў. Беларускія тэатральныя творцы – гаворка як пра пералічаных, гэтак і пра актораў, якія працуюць у мясцовых тэатрах (напрыклад, пра колішніх купалаўцаў Івана Труса і Паўла Харланчука) – не дазволілі сабе ніводнага публічнага выказвання на падтрыманне вайны. Менавіта таму іх варта ўспрымаць не як вінаватых, а як закладнікаў сітуацыі.

У Беларусі яны працаваць не могуць (праз чорныя спісы) або прынцыпова не хочуць. Украінскі вектар стаўся немагчымы пасля пачатку вайны. З заходнееўрапейскімі калектывамі яны – акрамя Марголіна – пакуль не мелі досведу доўгіх стасункаў. А эмігранцкія тэатры толькі ўстаюць на ногі і не маюць патрэбнай колькасці вакансіяў, каб задаволіць усіх ахвочых. Застаецца Расія як вымушаная пляцоўка для збірання сілаў перад будучым вяртаннем у Беларусь.
Высновы
Высновы
Беларускаму тэатру не прызвычайвацца быць закладнікам нутраных і вонкавых фактараў. Цягам мінулых дзесяцігоддзяў імі з’яўляліся мінімальная фінансавая дапамога з боку дзяржавы, адсутнасць умоваў для спрыяння з боку прыватнага бізнесу, праявы цэнзуры і самацэнзуры. У 2022 годзе да пераліку гэтых фактараў дадалася вайна.

Гісторыя з беларускімі “легіянерамі” ў Расіі сімвалічная, бо ў мініяцюры адлюстроўвае своеасаблівы тэатральны цугцванг – сітуацыю, калі любы ход вядзе да пагаршэння сітуацыі. Айчынны тэатр не са сваёй волі апынуўся ў закладніках палітычных рэаліяў і геапалітыкі. Цяпер на парадку дня стаіць яго выжыванне.