Беларуская культура: агляд (лістапад – студзень 2023 г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА: АГЛЯД (ЛІСТАПАД – СТУДЗЕНЬ 2023 Г.)
Агульная сітуацыя: у пошуках новай вертыкалі
Агульная сітуацыя: у пошуках новай вертыкалі
Часам падаецца, што поле беларускай культуры апынулася пляцоўкай адмысловых сацыяльных эксперыментаў. Два гады палітычнага крызісу, ідэйнай стагнацыі, разбурэння былога грамадскага парадку, заняпаду гуманітарнай адукацыі ды перманентнай аварыйнай эвакуацыі найбольш актыўных з крэатыўнага класу ствараюць спецыфічную зону прысутнай адсутнасці – хаатычны культурніцкі рух без уцямнага сцэнара і відавочных прыярытэтаў.

Надзвычай актуальным зрабілася рытарычнае пытанне: на колькі кавалкаў трэба пасячы белкульт, каб той выглядаў амаль як жывы і захаваў здольнасць да ўмоўнай актыўнасці? У час калявыбарчай эйфарыі і спадзяванняў на хуткую перамогу (а крыху пазней – на блізкае вяртанне) яно падавалася занадта дэпрэсіўным і не надта істотным. Але адсутнасць якасных зрухаў на палітычным фронце, страта публічнай міжнароднай зацікаўленасці беларускім сюжэтам, агульная расцярушанасць культурніцкага жыцця і разуменне, што ўладкоўвацца ў наяўным раскладзе трэба ўсур’ёз і надоўга, спарадзілі імкненне будаваць новую культурніцкую інфраструктуру – новую сістэму беларушчыны.

Апошнім часам можна назіраць акурат працэсы пэўнай акумуляцыі творчых і спажывецкіх колаў вакол разнастайных інстытуцыйных платформаў – ад праектаў “Беларускіх магістратаў” да Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Працэс (сама)структурызацыі культурніцкай сферы мае шмат вымярэнняў і неадназначныя перспектывы. Бо, з аднаго боку, ён стымулюе актыўнае далучэнне беларусаў да культурніцкіх праектаў у фармаце палепшанай версіі талакі (магістрат “Кнігаўка”). З другога, нанова будуе кіраўнічую вертыкаль ахвочых “узначаліць працэс”, каб павесці пакуль не ахопленую адміністрацыйным кантролем культуру ў пажаданым кірунку. Фактычна адбываецца аднаўленне добра вядомага беларускага падзелу культурніцкіх актывістаў ды ініцыятываў на самаробных і сістэмных.

Варта адзначыць, што новыя самаробныя ствараюць сеціва гарызантальных кантактаў, яны самадастатковыя і не імкнуцца кантраляваць культурніцкую сферу. Што да новых сістэмных, тут пытанні ўплыву і кантролю прынцыповыя. Гэтыя новыя не надта новыя, бо карыстаюцца раней назапашаным рэсурсам: кантактамі з міжнароднаю культурніцкай індустрыяй, карпаратыўнымі сувязямі і беларускім досведам (аўтарытарнага) менеджменту.

Адбываецца змена генерацыяў беларускай культурнай бюракратыі. Айчынныя новыя еўрапейцы ў эміграцыі слушна бачаць для сябе вакно магчымасцяў у сітуацыі самаізаляцыі ды творчай дэградацыі афіцыйнай беларускай культуры. І запаўняюць яго ў межах свайго бюджэту разумення.

Што да самаробных актывістаў, іх яднаюць з сістэмнымі агульнае разуменне новых магчымасцяў і ўзаемная абыякавасць.

Гэта гульня з’ехалых. Тым, хто застаўся ў краіне, давядзецца далучыцца да кагосьці з гэтага раскладу. Альбо і далей існаваць у грамадстве спарахнелых матрыцаў.

Праблемны падзел адбываецца таксама і ў функцыянальным плане. Бо ні сваіх фінансаў, ні ўстойлівых унутраных сувязяў тут няма. Патрэба ў сваіх структурах на выездзе выглядае з улікам наяўнасці беспасярэдніх міжнародных кантактаў і кантрактаў у большасці важкіх творцаў невідавочнаю. Пакуль відаць адно дэкларацыі ды спецэфекты.

Інстытуцыі не вырабляюць тэкстаў. Творцы не маюць досведу кіравання структурамі. Новае структураванне выглядае хуткаспелаю штучнаю надбудоваю над творчым працэсам, здольнай адно выкарыстаць свежы крэатыў дзеля прамоцыі новаабранага адміністрацыйнага рэсурсу.

Але гучныя прамацыйныя акцыі новых інстытуцыяў пакідаюць амаль незаўважным галоўны трэнд сезону: якасны прарыў у аўтарскай працы посттраўматычнага фармату. Нашая агульная хвароба нарэшце склалася ў пакет важкіх прапановаў, публічна атрымала голас і стыль. Дэпрэсіўна-тармазнутая стужка “Спатканне ў Мінску” Мікіты Лаўрэцкага, пяшчотнае чорнае кабарэ праекту “Приём!” Святланы Бень і Галі Чыкіс, трагічная лірыка Сяргея Прылуцкага, жорсткі падпольны рок менскага гурта Syndrom Samazvanca, нават абстрактныя акустычныя замалёўкі вандроўных электроншчыкаў пазначаюць новыя вымярэнні болевай беларускасці – адбіткі зацягнутага дрэйфу ўздоўж краю бездані.

Белкульт вяртаецца на папялішча. Туды, дзе, здаецца, ніхто яго не чакае. Проста таму, што інакш немагчыма. Мы – краіна. Краіна там, дзе мы.